Иностранный язык: Вывучэння беларускай мовы ў пачатку 20 стагоддзя, Учебное пособие

Тэма: Вывучэнне беларускай мовы ў пачатку ХХ стагоддзя

Распрацоўка агульных пытанняў беларускага мовазнаўства

 

Храналагічна перыядам пачатку ХХ ст. лічацца 1900 – 1917 гг. Гэта непрацяглы па часе, але надзвычай змястоўны перыяд, які характарызуецца зрухамі у самім падыходзе грамадскасці да беларускай мовы і зрухамі ў яе навуковай распрацоўцы.

Узмацненне нацыянальна-вызваленчых настрояў прымусіла царскі ўрад пайсці на ўступкі і дазволіць друкаванне на нацыянальных мовах. Так з’яўляюцца першыя беларускія легальныя газеты “Наша доля” і “Наша ніва”. У розных гарадах краіны ствараюцца беларускія выдавецтвы – “Загляне сонца і ў наша аконца”, “Наша ніва”, “Наша хата”, “Беларускае выдавецкае таварыства” ў Вільні, “Мінчук” у Мінску і г.д. Усё гэта спрыяла таму, што за гэты невялікі перыяд па беларускай мове выйшла 245 розных кніг, некалькі перыядычных выданняў (для параўнання – за ўсё ХІХ ст. толькі 75 кніг). У пачатку ХХ ст. перавыдаюцца творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, друкуюцца творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Пачалося адраджэнне беларускай літаратуры, пра што прыхільна і наадварот, рэзка адмоўна, пачала пісаць руская прэса. У студзеньскім нумары часопіса “Вестник Европы” за 1911 г. быў надрукаваны змястоўны прыязны артыкул пра развіццё новай беларускай літаратуры “Белорусские поэты” А.Л.Пагодзіна. Аўтар вітаў адраджэнне беларускай літаратуры і актыўную творчасць беларускіх паэтаў. Такі ж цікавы і змястоўны нарыс М.Я.Янчука “Несколько слов о новейшей белорусской литературе” быў апублікаваны ў часопісе “Известия Общества славянской культуры” (М., 1912; Т.1, кн. 1).

Ва ўкраінскім друку папулярызаваў беларускую літаратуру вядомы вучоны І.С.Свянціцкі. У 1908 г. ён апублікаваў спачатку ў львоўскай газеце “Діло”, а потым выдаў асабнай кніжкай даследаванне “Адраджэнне беларускага пісьменства”. За тое, што ў кніжцы змяшчаліся адкрыта рэвалюцыйныя вершы “Суседзям у няволі” Цёткі, “Там”, “Што ты спіш?” Я.Купалы, яна адразу ж была канфіскавана ўладамі. У рэвалюцыйны час І.С.Свянціцкі надрукаваў таксама артыкул “Асновы адраджэння беларускага пісьменства” (1914). Такія ж добразычлівыя выказванні пра беларускую літаратуру з’явіліся ў польскім, чэшскім друку, у працах некаторых заходнееўрапейскіх вучоных. Рускі ж царызм па-ранейшаму адмаўляў самастойнасць беларускага народа і яго мовы. У прадмове ў царскай Думе ў 1910 годзе тагачасны кіраўнік урада П.А.Сталыпін яшчэ раз сцвердзіў, што “Заходні край ёсць і будзе край рускі назаўсёды, навекі”. Беларускую мову па-ранейшаму называлі пераважна “наречием”. Але нават называючы мову беларускага народа “наречием” ва ўмовах недасканалай лінгвістычнай тэрміналогіі, многія перадавыя вучоныя ўсведамлялі яе самастойнасць, раўнапраўнасць разам з рускай і ўкраінскай. Тэрмін “беларуская мова” больш паслядоўна замацаваўся ў рускім мовазнаўстве. Сярод расійскіх даследчыкаў, якія аддвалі перавагу гэтаму тэрміну найперш варта згадаць найвыдатнейшага лінгвіста А.А.Шахматава і аўтара прац па агульным мовазнаўстве і гісторыі мовы В.Паржазінскага. У такіх умовах адбывалася навуковая дзейнасць Я.Карскага, якая вельмі спрыяла зрухам у вызначэнні статуса беларускай мовы. Дзейнасць Я.Карскага ўзняла навуковую распрацоўку беларускай мовы на небывалую вышыню. У мовазнаўстве паглыбіліся распрацоўкі традыцыйных напрамкаў беларускага мовазнаўства – гісторыі мовы, дыялекталогіі, лексікалогіі і лексікаграфіі.

Натуральна, што ў такіх умовах востра паўстала пытанне нармалізацыі беларускай мовы, стварэння граматыкі. Але разнабой назіраўся не толькі ў правапісе, але і ў графіцы. У 1911 г. на старонках газеты “Наша ніва” ішла дыскусія, якая была выклікана тым, што ў тагачаснай выдавецкай практыцы для друкавання не беларускай мове выкарыстоўвалася дзве графічныя сістэмы – кірыліца і лацінка. Сама газета паралельна друкавалася і тым і другім шрыфтамі. Дыскусія спрыяла пашырэнню ў беларускім кнігадрукаванні адной графічнай сістэмы – кірыліцы. На старонках “Нашай нівы”, а таксама іншых газет – “Гоман”, “Дзянніца” ўздымаліся розныя пытанні, звязаныя з развіццём беларускай мовы і літаратуры. Для навучання па-беларуску тагачаснымі выдавецтвамі ўпершыню былі выпушчаны чытанкі: “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” (1906), першае чытанне для дзетак беларусаў”, складзенае Цёткай у 1906 г., другое чытанне для дзяцей беларусаў”, складзенае Я.Коласам к 1910 г. Але ў гэтых падручніках даваліся толькі элементарныя звесткі па мове – у такой ступені, каб навучыць чытаць беларускі тэкст.

Такім чынам, у пачатку ХХ ст. яшчэ не было сур’ёзных прац па пытаннях нармалізацыі сродкў беларускай літаратурнай мовы, аднак матэрыял для гэтага назапашваўся і абмяркоўваўся.

Вывучэнне вусна-гутарковай мовы

 

Вывучэнне вусна-гутарковай мовы ў яе дыялектах у пачатку ХХ ст. звязана галоўным чынам з навукова-даследчай дзейнасцю Я.Ф.Карскага, які яшчэ ў канцы ХІХ ст. склаў “Программу для собирания особенностей белорусского наречия”. Дэталёвае знаёмства з беларускімі гаворкамі дало магчымасць Я.Карскаму скласці карту распаўсюджання беларускай мовы. Сваю працу “Этнографическая карта белорусского племени” з падзагалоўкам “Белорусские говоры” (1903) аўтар прыклаў да сваёй манаграфіі “Белорусы”.

 

Пра навуковую дзейнасць Я.Ф.Карскага самастойна

Вялікую работу па вывучэнні ўсходнеславянскіх гаворак правяла ў пачатку ХХ ст. Маскоўская дыялекталагічная камісія. Вынікам работы камісіі з’явіўся выхад у 1915 г. даследавання “Опыт диалектологической карты русского языка в Европе с приложением очерка русской диалектологии” (аўтары – М.М.Дурнаво, М.М.Сакалоў, і Д.М.Ушакоў). Значным крокам наперад з’явілася вылучэнне ў даследаванні моўных прымет і тэрыторый трох усходнеславянскіх моў – рускай, беларускай і ўкраінскай – і ў той жа час паказ іх роднасці і цеснай гістарычнай сувязі. Карта Маскоўскай дыялекталагічнай камісіі ў асноўным супала з картай Я.Карскага. Цікавасць і каштоўнасць гэтых карт становіцца відавочнай, калі ўлічыць, што на сучасных дыялекталагічных картах межы гаворак усходнеславяскіх моў звычайна праводзяцца па адміністрацыйных межах. Пытаннем вызначэння межаў пашырэння беларускай мовы і вывучэннем гаворак, пераходных ад яе да іншых моў, цікавіліся многія тагачасныя вучоныя – Е.Ф.Будэ, І.С.Астрэмбскі, І.Г.Галанаў, М.В.Доўнар-Запольскі, Д.К.Зяленін, І.Зялінскі, М.Карпінскі, А.Нікольскі, К.Ніч, А.Д.Нячаеў, І.А.Сербаў, А.К.Сержпутоўскі, М.Г.Халанскі.

Сэнсам і справай свайго жыцця вывучэнне традыцыйнай народнай культуры Смаленшчыны і паўночна-ўсходняй Беларусі зрабіў Уладзімір Мікалаевіч Дабравольскі (1856–1920). Краязназчай работай ён зацікавіўся яшчэ студэнтам, слухаючы лекцыі Ф.І.Буслаева, Ф.Я.Корша, У.Ф.Мілера. У.М.Дабравольскі выдаў “Смаленскі этнаграфічны зборнік” (т. 1–4, 1891–1913), напісаў шмат артыкулаў мовазнаўчага характару. Яго самая каштоўная праца ў галіне мовазнаўства “Смаленскі абласны слоўнік” (1914), у якім распрацавана 16560 артыкулаў з дыялектнымі словамі беларуска-рускага пагранічча. Рэестравая частка ахоплівае бытавую, сельскагаспадарчую, рамесніцкую, абрадавую лексіку, уласныя імёны і геаграфічныя назвы, устойлівыя і вобразныя словазлучэнні. Словы і выразы забяспечаны дакладнымі філалагічнымі, радзей этнаграфічнымі тлумачэннямі, назвы раслін, жывёл, анатамічныя тэрміны – рускімі і лацінскімі літаратурнымі адпаведнікамі, падмацоўваюцца разнастайным ілюстрацыйным матэрыялам. Ролю ілюстрацый выканваюць пераважна запісы гутарковай мовы, фальклорныя творы.

Слоўнік фіксуе ўсе асноўныя значэнні слоў, іх сэнсавыя адценні, размяжоўвае мнагазначныя словы і амонімы. Але ў ім не выкарыстана сістэма граматычных і стылёвых памет, сустракаюцца адхіленні ад фанетычнага прынцыпу напісання рэестравых слоў. “Смаленскі абласны слоўнік” – грунтоўная праца ў галіне гістарычнай і дыялектнай лексікаграфіі, у якой зберагаецца народная лексіка Смаленшчыны і Усходняй Беларусі, самая буйная лексікаграфічная крыніца пасля “Словаря белорусского наречия” І.Насовіча.

У сувязі з вывучэннем вусна-гутарковай мовы ў пачатку ХХ ст. нельга абмінуць увагай асобу Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага (1864–1940). А.К.Сержпутоўскі нарадзіўся на Случчыне ў 1864 г.у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння народнага вучылішча ў в. Вызна і Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (у 1884 г.) працаваў настаўнікам народных вучылішчаў у школах Мазырскага і Слуцкага паветаў. З 1893 г А.К. Сержпутоўскі працаваў пісарам Мінскага аддзялення сялянскага зямельнага банка; пазней уладкаваўся на працу ў Мінскае паштова-тэлеграфнае ведамства. У 1896 г. ён пераехаў у Пецярбург. Там, працуючы на паштамце, адначасова працягваў вучобу ў Пецярбургскім археалагічным інстытуце і на вышэйшых юрыдычных курсах. З 1906 г. і да выдаду на пенсію ў 1930 г. А.К. Сержпутоўскі працаваў у Рускім музеі на пасадзе рэгістратара этнаграфічнага аддзела. Памёр у 1940 г.

Уся працоўная дзейнасць А.К. Сержпутоўскага звязана з даследаваннем побыту, культуры і мовы беларускага народа. Асноўная ўвага была накіравана на вывучэнне роднага Палесся. Менавіта палесская тэма яднае і характарызуе дарэвалюцыйны перыяд яго дзейнасці. Працуючы настаўнікам у глухіх вёсках Палесся, А.К. Сержпутоўскі меў добрую магчымасць вывучаць побыт і культуру беларусаў-палешукоў. Спачатку яго дзейнасць мела аматарскі характар, але паступова пашыраючы і паглыбляючы кола сваіх інтарэсаў, А.К. Сержпутоўскі становіцца прафесійным этнографам, фалькларыстам і мовазнаўцам.

Нягледзячы на напружаную працу ў Этнаграфічным аддзеле Рускага музея, у 1906 годзе ён двойчы наладжваў экспедыцыі ў паўднёвую частку Мінскай губерніі (Слуцкі і Мазарскі паветы). Вынікі гэтых экспедыцый даследчык выклаў у працы “Беларусы-палешукі (Этнаграфічны нарыс). Пабудовы, заняткі і павер’і сялян паўночнай палавіны Мазырскага і паўднёвай часткі Слуцкага паветаў Мінскай губерніі (38 чарцяжоў і рысункаў)”, якая не была надрукавана і засталася ў рукапісе. Экспедыцыі на Беларусь А.К. Сержпутоўскі ажыццяўляў яшчэ ў 1907, 1910, 1912, 1914 гадах.

Нягледзячы на тое, што ў 1907 –1917 гг. па даручэнню Этнаграфічнага аддзела Рускага музея А.К. Сержпутоўскі правёў 13 экспедыцый на іншыя тэрыторыі з мэтай вывучэння побыту літоўцаў, палякаў, украінцаў, рускіх, татар і народаў Каўказа, асноўным аб’ектам яго даследаванняў заставалася роднае беларускае Палессе.

У 1910 г. з’явілася праца А.К. Сержпутоўскага “Земляробчыя прылады беларускага Палесся”, дзе, як відаць з назвы, апісваюцца сельскагаспадарчыя прылады працы, падрабязна характарызуецца іх канструкцыя і спосабы выкарыстання, а таксама прасочваецца гісторыя іх узнікнення і развіцця. Асобныя працы А.К. Сержпутоўскі прысвяціў апісанню промыслаў і рамёстваў, якімі былі вымушаны займацца сяляне, каб здабываць дадатковыя сродкі для існавання, бо балоцістая і пясчаная глеба давала дрэнны ўраджай і не задавальняла патрэбы людзей. Праца “Бортніцтва ў Беларусі” прысвечана падрабязнаму апісанню бортніцтва – аднаго са старажытных заняткаў беларусаў-палешукоў. У нарысе “Лоўля ўюноў” паказана невыносна цяжкая, але жыццёва неабходная праца рыбакоў-палешукоў.

А.К. Сержпутоўскі шмат зрабіў для развіцця беларускай фалькларыстыкі і мовазнаўства. З вялікай любоўю да радзімы і свайго народа ён ашчадна збіраў народную мудрасць і запісваў мастацкае слова, вывучаў гаворку сялян роднага яму беларускага Палесся. Сабраныя вусна-паэтычныя творы беларускага народа часткова апублікаваны ў зборніках і іншых выданнях: “Сказки и рассказы белорусов-полешуков Материалы по изучению творчества белорусов и их говора” (Спб, 1911); “Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. Матэрыялы да вывучэння беларускай мовы, этнаграфіі і літаратуры” (Л., 1926); “Отчет о поездке в Гомельскую губернию в 1926 году” (Мінск, 1926); “Грамматический очерк белорусского наречия дер. Чудино Слуцкого уезда Минской губернии” (Спб, 1911). Ім былі падрыхтаваны да друку зборнік беларускіх прыказак і прымавак, зборнік “Песні Магілёўшчыны”, які не захаваўся. На жаль, загінула і самая вялікая праца вучонага – “Быт беларусаў”.

Адной з апошніх убачыла свет праца А.К. Сержпутоўскага “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў” (Мінск, 1930). Як пазначана ў прадмове, запісы для яе рабіліся на працягу амаль 40 гадоў на паўднёвай Случчыне, пераважна ў адным пункце – вёсцы Чудзіна. Занатоўваючы фальклорны матэрыял, аўтар звяртаў увагу і на мясцовае вымаўленне, пра што гаворыцца ў прадмове: “Запісаў так, як чуў ад людзей, і стараўся, як толькі можна, запісваць тымі словамі і выразамі, якімі мне гаварылі”. Праца складаецца з пяці частак: І. Прырода, ІІ. Чалавек, ІІІ. Заняцці, ІV. Звычай,  V. Вера.

Значнае месца ў яго даследчай дзейнасці займала мовазнаўчая тэматыка. У працы “Граматычны нарыс беларускай гаворкі вёскі Чудзіна, Слуцкага павета Мінскай губерні” (1911) А.Сержпутоўскі на аснове матэрыялаў, сабраных падчас экспедыцый 1906–1907 гг., а таксама назіранняў больш ранняга перыяду, зрабіў усебаковае апісанне важнейшых асаблівасцей гаворкі вёскі ў адпаведнасці з праграмай пад рэдакцыяй Я.Карскага, выдадзенай Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці АН. Нарыс пачынаецца ўступам з геаграфічнымі і этнаграфічнымі звесткамі пра вёску Чудзін, затым ідуць раздзелы, прысвечаныя фанетыцы, словаўтварэнню, марфалогіі, сінтаксісу і лексіцы мовы яе жыхароў. Багаццем фактычнага матэрыялу вызначаецца раздзел “Матэрыялы для слоўніка”. У ім больш за 2 з паловай тысячы слоў і фразеалагізмаў, аб’яднаных у 35 семантычных груп. Матэрыял пададзены без тлумачэння значэння.

Збіраннем лексікі А.Сержпутоўскі займаўся ўсё жыццё. Ён склаў два слоўнікі народнай мовы. Першы слоўнік сам аўтар кваліфікаваў як дадатак да “Зборніка беларускіх прыказак і прымавак”. За гэтыя дзве працы, прадстаўленыя Рускаму геаграфічнаму таварыству, даследчык быў узнагароджаны Малым залатым медалём. Рукапіс слоўніка, на жаль, не захаваўся. Пра яго памер, характар, лінгвістычныя вартасці можна меркаваць толькі па водгуку Дз.К.Зяленіна. Рукапіс займаў 158 старонак вылікага фармату і змяшчаў каля 4 тыс. слоў. Дз.Зяленін лічыў, што гэта не дадатак да “Зборніка прыказак і прымавак”, а самастойная праца. Значэнні слоў раскрыты пры дапамозе рускіх адпаведнікаў і апісальна. Дз. Зяленін ухваляў вельмі дакладны запіс прыказак, прымавак і слоў з поўным захаваннем усіх фанетычных і граматычных асаблівасцей мясцовай гаворкі і раіў аўтару зрабіць больш поўны слоўнік, уключыўшы матэрыял з прыказак і прымавак. Страчана была і другая лексікаграфічная праца А.Сержпутоўскага – “Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы”. Вядома, што гэты слоўнік быў завершаны ў канцы 1918 г. і перададзены ў Аддзяленне рускай мовы і славеснасці АН СССР, якое прыняло пастанову аб яго выданні пад рэд. Я.Карскага. Магчыма, праца была пераслана Інбелкульту і загінула ў Вялікую Айчынную вайну.

У савецкі час А.Сержпутоўскі працягваў экспедыцыі па Беларусі, збіраў мясцовую лексіку і перадаваў яе слоўнікавай камісіі Інбелкульта, якая ў 1927 г. адзначыла яго грашовай узнагародай за 1357 слоў-картак высокай якасці.

У 1918 г. А.Сержпутоўскі выступіў на старонках часопіса “Чырвоны шлях” з артыкулам “Да пытання пра беларускую арфаграфію”, дзе звярнуў увагу лінгвістаў на неабходнасць навуковай распрацоўкі і прыняцця адзіных і абавязковых для ўсіх правапісных правілаў. У 1926 г. А.Сержпутоўскі ўдзельнічаў у рабоце Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, быў членам 2-х яе камісій – графічнай і правапіснай. Ён быў прыхільнікам увядзення ў беларускі алфавіт асобных літар для абазначэння афрыкат [дз], [дж], паслядоўнікам Б.Тарашкевіча ў правапісе чужаземных слоў.

Сярод ненадрукаваных лексікаграфічных прац трэба адзначыць беларуска-польска-рускі слоўнік Я.Ціхінскага. Аўтар працаваў над слоўнікам 40 гадоў свайго жыцця. Я.Ціхінскі зарэгістраваў 200 тыс. слоў і іх варыянтаў. Слоўнік змяшчаў беларускую лексіку ўсіх слаёў грамадства, пераважае лексіка Магілёўшчыны – радзімы аўтара. Словы падаюцца лацінскімі літарамі, зрэдку падаецца транскрыпцыя кірыліцай. У 1920 г. слоўнік збіраліся надрукаваць у 16 тамах. Падчас Вялікай Айчыннай вайны праца загінула. Зараз вядома толькі яе частка (каля 125 тыс. слоў).

У архівах знойдзена і такая лексікаграфічная праца як “Рукапіс Апанаса Вінцэсева Ярушэвіча №2. Расейска-беларускі слоўнік”. Яго аўтар – А.В.Ярушэвіч – у дарэвалюцыйныя гады працаваў дырэктарам Маладзечанскай семінарыі і займаўся складаннем слоўніка і пытаннямі правапісу беларускай мовы. У рукапісе – больш за 12 тыс. рускіх слоў, змешчаных у алфавітным парадку. 9505 слоў маюць беларускія адпаведнікі (пераклад).

Такім чынам, этналінгвістычныя і дыялекталагічныя распрацоўкі беларускай мовы пачатку ХХ ст. значна паглыбілі ўяўленне аб яе асаблівасцях у тагачасных навуковых колах і сярод шырокай грамадскасці.


Тэма: Вывучэнне гісторыі беларускай мовы ў пачатку ХХ стагоддзя

У пачатку ХХ ст. працягвалася публікацыя помнікаў беларускага пісьменства. Старажытныя летапісы, рэлігійныя творы, палемічная літаратура, якая адшуквалася ў розных архівах і кнігасховішчах, перавыдавалася звычайна з пэўнымі гісторыка-філалагічнымі каментарыямі. Пры апісанні помнікаў давалася агульныя характарыстыка іх мовы. Гэта спрыяла стварэнню спецыяльных даследаванняў моўных асаблівасцей помнікаў.

У гісторыі беларускай мовы, як і іншых галінах беларускага мовазнаўства, асаблівае месца належыць Я.Ф.Карскаму, які, даследаваўшы вялікую колькасць помнікаў беларускага пісьменства, выявіў галоўныя рысы мовы старога беларускага пісьменства, паказаў яго сувязь з жывой гаворкай, даў гістарычнае асвятленне змен у беларускай мове.

Вялікі ўклад у вывучэнне гісторыі ўсходнеславянскіх моў унёс акадэмік А.А.Шахматаў. У межах сваіх даследаванняў ён заўсёды звяртаўся да беларускай мовы і займаўся яе даследаваннем. Называючы беларускую мову то”языком”, то “наречием”, ён заўсёды лічыў яе самастойнай моўнай адзінкай. Важнейшай крыніцай гісторыі мовы А.Шахматаў лічыў жывыя народныя гаворкі. Для назірання над імі і для іх вывучэння ён ажыццяўляў нават паездку ў Мінскую губерню.


Тэма: Развіццё беларускай мовы і мовазнаўства ў 20-я гг.ХХ ст.

20-я гады ХХ стагоддзя – цікавы і ў многім вызначальны этап развіцця беларускай мовы. Гэта час, калі яна набыла статус дзяржаўнай і павінна была абслугоўваць усе сферы жыцця народа. Нездарма гэты непрацяглы па часе перыяд асобна вылучаецца пры перыядызацыі гісторыі беларускай літаратурнай мовы.

Моўная палітыка папярэдніх стагоддзяў, якая праяўлялася ў забароне афіцыйнага функцыянавання беларускай мовы, адукацыі на ёй, прывяла да таго, што ў пачатку ХХ стагоддзя наша мова заставалася недастаткова распрацаванай. Такая моўная сітуацыя не задавальняла тагачасных пісьменнікаў і мовазнаўцаў. І таму ў 20-я гады найбольш адукаваная частка беларускай інтэлігенцыі актыўна ўключылася ў працэс удасканальвання літаратурнай мовы. Стварэнне нацыянальнай тэрміналогіі і абстрактнай лексікі, здольнай абслугоўваць разнастайныя сферы жыцця рэспублікі, далейшая распрацоўка сістэмы стыляў, вырашэнне пытанняў культуры маўлення станавіліся гістарычнай неабходнасцю.

У 20-я гады на старонках часопiсаў "Полымя", "Узвышша", "Маладняк" і іншых неаднаразова абмяркоўваліся праблемы ўпарадкавання лексікі літаратурнай мовы. Адной з асноўных крынiц яе папаўнення, на думку тагачасных моваведаў, павiнна была быць народная мова, паколькi "толькi вёска, глухая, цёмная вёска <…> на працягу шмат вякоў у чыстаце захоўвала свой найдаражэйшы скарб – беларускую мову", у той час як на мове жыхароў гарадоў i мястэчак – найбольш адукаванай часткi беларускага грамадства – палiтычныя абставiны i моўная палiтыка папярэднiх часоў пакiнулi свой адбiтак.

Таму невыпадкова распачалася спецыяльная работа па збіранню скарбаў народнай мовы розных рэгіёнаў Беларусі. Сярод тых, хто займаўся вывучэннем беларускіх гаворак і распрацоўкай беларускай дыялекталогіі неабходна назваць Я.Ф.Карскага, П.А.Растаргуева, П.А.Бузука, Я.В.Воўк-Левановіча, С.Некрашэвіча, Я.Станкевіча, А.Шлюбскага і іншых. Вынікам плённага вывучэння дыялектнай мовы стала выданне некалькіх слоўнікаў. У 1927 годзе выйшаў "Віцебскі краёвы слоўнік" М.І.Каспяровіча, у 1929 годзе – "Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны" М.В.Шатэрніка. У гэты ж час І.К.Бялькевічам быў сабраны вялікі каштоўны матэрыял для "Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны", выдадзенага толькі ў 1970 годзе, які даследчыкі называлі "сапраўдным скарбам, у якім адлюстравана жывая моўная стыхія беларусаў, што жывуць на левабярэжжы Дняпра".

Але, безумоўна, рэсурсаў народнай мовы не магло хапiць для слоўнiка беларускай лiтаратурнай мовы, каб функцыянаваць у розных стылях і абслугоўваць усе сферы жыцця. У артыкуле "Пра нашу лiтаратурную мову" У.Дубоўка сфармуляваў асноўныя тэарэтычныя прынцыпы развiцця беларускай мовы. У артыкуле, у прыватнасцi, гаворыцца, што ў лiтаратурнай мове павiнны функцыянаваць словы жывой народнай мовы, якiя сустракаюцца на значнай тэрыторыi Беларусi, трапныя мясцовыя словы, або так званыя "паветалiзмы", калi ў лiтаратурнай мове яны не маюць дасканалага адпаведнiка, прафесiйныя назвы, калi яны не маюць вузкаспецыяльнага значэння, а таксама старыя словы, якiя маюць каранёвыя сувязi з жывой мовай i здольныя ўзбагацiць лiтаратурную мову новым адценнем значэння. Пажаданым У.Дубоўка лiчыў уводзiць у мову наватворы, але пры гэтым адзначаў, што новае слова павiнна быць створана "на падставе законаў беларускай народнай мовы i на падставе iснуючых у мове слоў". Свае меркаванні адносна крыніц папаўнення лексічнага складу выказвалі М.Байкоў, Я.Лёсік, В.Ластоўскі, Я.Станкевіч і іншыя. Яны ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай мовы, у прыватнасці, яе лексічнай сістэмы. С.Некрашэвіч у артыкуле "Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы" пісаў: "Асноўным грунтам <…> павінна быць мова народная... Толькі ўнікнуўшы ва ўсе таямніцы народнай мовы і народнага духу, пісьменнік зможа ўнесці нешта новае ў скарбніцу роднай мовы. Гэтым новым могуць быць краёвыя словы і фразеалагічныя звароты, <…> якія да гэтага часу не ўжываліся ў літаратурнай мове".

Актыўна абмяркоўвалася і праблема запазычанай лексікі. В.Ластоўскі лічыў, што "адраджоная наша мова павінна стацца добрым правадніком культуры, а гэткай яна зможа быць толькі тады, калі ў ёй будзе найменш чужых слоў, калі кожнае паняцце будзе перакладзена згодна псіхіцы нашай мовы; калі формы слоў і будова сказаў будуць адпавядаць законам гармоніі, пераказаным нам ад нашых прапрашчураў. Мова, гэта аблічча душы народу і гэтае аблічча народнай душа нельга брыдзіць прылепккамі і наклейкамі, а наадварот, чым яно будзе чысцейшым, тым прыгажэйшым і здаравейшым". У такім жа рэчышчы фармуляваў свае прынцыпы адносна развіцця беларускай мовы і Я.Лёсік. Прызнаючы, што "...няма і ня можа быць такое мовы, каб яна магла абысьціся запасам адных толькі родных слоў", у той жа час ён пісаў: "Бяда ня ў тым, што літаратурная мова часам пазычае чыжыя словы; пазычыць трэба, калі іх няма. Памен паасобнымі словамі адбываецца паміж усімі культурнымі народамі. Але <…> зусім неразумна браць чужыя словы, калі ёсць свае, беларуская. <…> горш за ўсё, што пераймаючы чужыя сынтаксычныя формы, чужыя фразэолёгічныя звароты, наша літаратурная мова адрываецца ад народнага (дыалектычнага) грунту ды становіцца штучнай, няжывой, мёртвай, няздольнай зьмяняць ды развіваць свае факты". Тагачасныя тэарэтычныя распрацоўкi былi ўзяты за аснову практычнай дзейнасцi і выкарыстоўваліся у лексікаграфічнай працы. Усяго на працягу 20-х гадоў было выдадзена каля сотні разнастайных слоўнікаў беларускай мовы.

У 1921 годзе ўрадам рэспублікі была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, галоўнай задачай якой была выпрацоўка тэрмінаў па ўсіх галінах навукі. Спачатку аб’ём работы абмяжоўваўся патрабаваннямі сярэдняй школы, а пазней быў пашыраны да ўсёй нацыянальнай тэрміналогіі. У рабоце ўдзельнічалі аўтарытэтныя вучоныя, пісьменнікі і грамадскія дзеячы (Я.Купала, Я.Колас, С.Некрашэвіч, М.Байкоў, географы М.Азбукін, А.Смоліч, фізік А.Міцкевіч і іншыя). Асноўным рэсурсам для стварэння беларускай нацыянальнай тэрміналогіі бачылася жывая народная гаворка, таму для азбору народна-гутарковых сродкаў рассылаліся спецыяльныя інструкцыі. З-за недахопу толькі гэтых крыніц для работы прыцягваліся і рускія слоўнікі. Адносна работы па стварэнню нацыянальнай тэрміналогіі М.Байкоў пісаў: "...няма чаго баяцца перакладу чужаземных тэрмінаў у нашу мову, і ў падставе гэтай працы дадзены зусім грунтоўныя матывы, але разам з тым ясна, што, па-першае, ня можна быць фанатычным пры замене слоў сваімі роднымі і з нецярплівасцю адносіцца да чужога толькі таму, што гэта – чужое, не сваё, а па-другое, наша тэрміналагічная праца павінна набыць сабе пэўнае прынцыповае абаснаванне". На працягу 1922–30 гг. выйшлі 23 выпускі Беларускай навуковай тэрміналогіі, прысвечаныя матэматыцы, геаграфіі, граматыцы, псіхалогіі, логіцы, літаратуразнаўству і г.д., якія спрыялі далейшаму разгортванню лексікаграфічнай дзейнасці і давалі магчымасць на практыцы праверыць жыццядзейнасць тых ці іншых тэрмінаў. Асобна выходзілі і іншыя тэрміналагічныя даведнікі: "Дзелавод. Узоры афіцыйных папер, слоўнік тэхнічна-канцылярскіх выразаў і іншыя патрэбныя ў дзелаводстве веды" С.Серады (Мінск, 1926), "Слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі" (Мінск, 1929), "Слоўнік хімічнай тэрміналогіі" (Мінск, 1929) і інш. Тэрміналагічныя слоўнікі, створаныя ў 20-30-я гады ХХ стагоддзя, "нягледзячы на іх невялікі памер і шматлікія недахопы, адыгралі станоўчую ролю ў фарміраванні беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі. Змешчаныя ў іх тэрміны <…> захаваліся да нашых дзён і сталі базай для стварэння новых тэрмінаў".

У новых гістарычных умовах узнікла патрэба ў перакладных слоўніках агульнаўжывальнай лексікі, якія б адлюстравалі новыя словы для абазначэння розных паняццяў. Складаючы слоўнікі, беларускія мовазнаўцы не толькі абапіраліся на спадчыну, вяртаючы старабеларускія словы, але і вельмі актыўна выкарыстоўвалі патэнцыяльныя магчымасці беларускай мовы, займаліся словатворчасцю.

Адным з першых перакладных слоўнікаў 20-х гадоў стаў "Руска-беларускі слоўнік" братоў Гаўрылы і Максіма Гарэцкіх, першае выданне якога адбылося ў Смаленску ў 1918 годзе, а другое (са значнымі дапаўненнямі і праўкамі) – у Вільні ў 1921 годзе. Нельга не адзначыць і "Невялікі беларуска-маскоўскі слоўнік" М.Гарэцкага, які быў выдадзены ў Вільні ў 1919 годзе, а потым двойчы перавыдаваўся – у Вільні ў 1921 годзе і ў Мінску ў 1925 годзе. У 1924 годзе ў Коўне вядомы беларускі грамадскі дзеяч і вучоны В.Ластоўскі выдаў "Практычны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік" (перавыдадзены ў Мінску ў 1990 годзе). Гэты слоўнік вызначаўся сярод іншых пэўнай эксперыментальнасцю: аўтар імкнуўся даць да рускага слова некалькі беларускіх эквівалентаў, сярод якіх нярэдка былі словы, узятыя з народнай мовы, у тым ліку і малавядомыя, і нават утвораныя штучна. Плённа працаваў над удасканаленнем лексічнай сістэмы беларускай мовы і складаннем слоўнікаў М.Байкоў. У сааўтарстве з М.Гарэцкім ён падрыхтаваў "Практычны расійска-беларускі слоўнік", які двойчы выдаваўся ў Мінску – у 1924 і 1926 гадах. М.Байкоў разам з С.Некрашэвічам выдалі "Беларуска-расійскі слоўнік", які быў падрыхтаваны па заданню Інбелкульта ў кароткі тэрмін – за чатыры месяцы, аднак друкаванне яго зацягнулася на тры гады (на тытульнай старонцы дата выхаду пазначана 1925 годам, а на вокладцы – 1926). Пазней (у 1928 годзе) гэтымі ж аўтарамі быў выдадзены самы значны на той час "Расійска-беларускі слоўнік", які адыграў выключна важную ролю ва ўдасканаленні лексічнай сістэмы беларускай мовы. Да асобных рускіх слоў тут прыводзілася 5-6 і нават больш беларускіх адпаведнікаў для перадачы разнастайных адценняў значэння. Выходзілі ў той час і менш значныя па аб’ёме лексікаграфічныя працы: "Беларуска-расійскі слоўнік " М.Каспяровіча (Мінск, 1925), "Расійска-беларускі слоўнічак дзеля чыгуначных мясцкомаў" Л.Вашкевіча (Магілёў, 1926), "Каманды па беларуску" (Браслаў, 1920), беларуска-польскі слоўнік Podręczny białorusko-polski słownik Друцкага-Падбярэскага (Wilno, 1929), перакладны сямімоўны слоўнік на нямецкай мове, у якім побач з лексікай нямецкай, польскай, рускай, літоўскай, латышскай, яўрэйскай прыводзілася і беларуская лексіка (Лейпцыг, 1918). Пытанне аб аўтарстве "Сямімоўнага слоўніка" з’яўляецца спрэчным, паколькі ў самім слоўніку дакладных звесткак пра гэта няма. Верагодна, гэты слоўнік – вынік калектыўнай працы, і ў перакладзе на беларускую мову аб’ёмнай картатэкі прымалі ўдзел некалькі чалавек. "Сямімоўны слоўнік" з’явіўся, па-сутнасці, першай спробай стварэння шматмоўнага лексікону з уключэннем беларускай мовы, што, вядома, спрыяла апрацоўцы беларускага лексічнага матэрыялу.

Арыентацыя на розныя гаворкi беларускай мовы абумовіла наяўнасць у тагачасных слоўніках вялікай колькасці беларускіх сінонімаў у якасці эквівалентаў да рускіх назваў. Як ужо адзначалася, адным з вызначальных фактараў палітыкі нацыянальна-культурнага адраджэння ў 20-я гады быў прынцып выкарыстання ў словатворчасці магчымасцей беларускай мовы, фарміраванне лексічнай сістэмы на ўласнай моўнай аснове. Слоўнікі 20-х гадоў прапаноўвалі для ўвядзення ў моўную практыку новыя словы, што нярэдка выклікала дыскусii аб мэтазгоднасці ўжывання некаторых з іх. Такім чынам, работа па выпрацоўцы лексічных сродкаў вялася актыўна. Хуткія, фарсіраваныя тэмпы работы па выпрацоўцы лексічных сродкаў беларускай мовы сталі прычынай пэўных памылак і недахопаў, але праца беларускіх мовазнаўцаў у станаўленні і развіцці беларускай лексікі заслугоўвае высокай ацэнкі. Пры ўсіх сваіх недахопах перакладныя слоўнікі 20-х гадоў мінулага стагоддзя былі для свайго часу значным лексікаграфічным дасягненнем і адыгралі станоўчую ролю ў культурным і навуковым жыцці рэспублікі. Зараз яны прыцягваюць увагу грамадскасці не толькі як гістарычныя помнікі. З іх і ў наш час ёсць што ўзяць для ўзбагачэння і ўпарадкавання лексічных сродкаў беларускай мовы. Нельга не пагадзіцца з меркаваннем, што слоўнікі 20-х гадоў ХХ стагоддзя павінны быць для нас не толькі музеем, але "гаючай крыніцаю, што надасць новыя сілы параненай і знясіленай нашай мове, каб зажыла–закрасавала поўным жыццём на прасторных абшарах Беларусі".

Агульныя тэндэнцыі развіцця беларускай мовы пачынаючы з 30-х гадоў

 

К канцу 20-х гадоў ХХ стагоддзя працэсы беларусізацыі пачалі затухаць, паступова замяніўшыся наогул на барацьбу з так званым буржуазным нацыяналістычным дэмакратызмам, пад якім разумелася любое праяўленне нацыянальнай самасвядомасці. У нацыянальнай палітыцы быў зроблены паварот у бок узмацнення “інтэрнацыяналізацыі грамадства, а на самай справе русіфікацыі нацыянальных меншасцей, устанаўлення гегемоніі рускай мовы” (Шакун, 1995, с.118). У 30-я гады гэты працэс суправаджаўся нечуванымі рэпрэсіямі: пацярпелі ўсе, хто актыўна ўдзельнічаў у будаўніцтве беларускай нацыянальнай культуры, пераважная большасць з іх была фізічна знішчана. Да пачатку другой сусветнай вайны з беларускіх лінгвістаў засталіся лічаныя адзінкі.

Заканамерна, што і створаныя ў 20-я гады слоўнікі перасталі выкарыстоўвацца і нават былі забаронены. Адпаведна і шляхі і спосабы ўнармавання слоўнікавага складу беларускай мовы, заснаваныя і ідэях пурызму, страцілі сваю актуальнасць і правамоцнасць. Новыя моўна-палітычныя ўмовы вымагалі выпрацоўку новых прынцыпаў лексічнага ўнармавання беларускай мовы і лексікаграфічнай апрацоўкі слова. Для абгрунтавання новай моўнай палітыкі была падведзена лінгвістычная тэорыя акадэміка Н.Я.Мара пра станаўленне і развіццё моў. Згодна з гэтай тэорыяй, мова – класавая з’ява, і на працягу гісторыі адбываецца рэвалюцыйны працэс скрыжоўвання моў, які вядзе да поўнага іх зліцця ў адну мову ва ўсім свеце. Пры гэтым Н.Я.Мар не прызнаваў паходжання ад супольнай мовы-асновы сваяцкіх моў, якія ствараюць сям’ю або групу моў, але сцвярджаў, што спачатку ў розных месцах незалежна ад сябе паўстала шмат моў (Станкевіч, 1994, с. 9). Выдадзены ў 1937 годзе “Руска-беларускі слоўнік” пад рэдакцыяй А.Александровіча прадэманстраваў увасабленне новых антынацыянальных прынцыпаў беларускай лексікалогіі і лексікаграфіі ў жыццё. Не заўважыць хібы і заганы слоўніка, якія выявіліся ў насычэнні беларускай лексікі русізмамі, неўласцівымі і ненатуральнымі канструкцыямі, не маглі нават сучаснікі[*]. З-за сваёй штучнасці слоўнік не набыў практычнага значэння.

У 1950 годзе Сталіным была адкінута тэорыя Н.Я.Мара як ненавуковая і вульгарызатарская і прапанавана новая, згодна з якой, са шматлікіх нацыянальных моў спачатку вылучацца найбольш узбагачаныя адзіныя занальныя мовы, якія потым аб’яднаюцца ў адну супольную міжнародную мову, якая ўбярэ ў сябе найлепшыя элементы нацыянальных і занальных моў (Станкевіч, 1994, с. 10). У Савецкім Саюзе адной з занальных моў павінна была стаць руская мова. Значна перабольшваючы яе ролю, савецкі вучоны М.Камары пісаў: “Для часткі малых нацыяў ... расейская мова ўжо цяпер сталася ня толькі сродкам міжнацыянальных лучнасьцяў, але й роднай мовай” (цытуем па: Станкевіч, 1994, с. 10).

Адной з буйных і сур’ёзных лексікаграфічных прац, створаных ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, з’явіўся “Русско-белорусский словарь” (М., 1953). Нягледзячы на тое, што да кожнага рускага слова тут часам падавалася некалькі беларускіх адпаведнікаў, уяўленне пра адлюстраванне ў слоўніку ўсяго багацця беларускай лексікі, памылковае. Асаблівысці адбору беларускай лексікі адпавядалі генеральнай лініі развіцця беларускай навукі – русіфікацыі. У прадмове да слоўніка на стар. 6 адзначаецца: “Беларускія буржуазныя нацыянальныя імкнуліся засмеціць беларускую мову штучнымі словамі, архаізмамі, каб адарваць беларускі народ ад вялікага рускага народа. Але беларускі народ, верны дружбе народаў, аберагаў цысціню сваёй мовы, папаўняючы яе з невычэрпных крыніц рускай мовы. ... У беларускай частцы гэтага слоўніка ставілася задача – найбольш поўна выкарыстаць гэтыя памножаныя багацці беларускай мовы і як можна дакладней перадаць рускія словы беларускімі адпаведнікамі...”. Арыентацыя на рускую мову і рускую лексікаграфію выявілася ў тэарэтычным падмурку слоўніка – у семантычнай распрацоўцы слоўных артыкулаў, у стылістычнай маркіраванасці асобных назваў і г.д.

У 1962 годзе ўбачыў свет “Беларуска-рускі слоўнік”. У параўнанні з “Русско-белорусским словарём” 1953 года, тут назіраецца невялікі ўхіл у бок выяўлення і адлюстравання колькаснага і семантычнага багацця беларускай лексікі. Некаторыя “страчаныя” ў выданнях 1937 і 1953 гадоў лексемы вяртаюцца ў слоўнік, асобныя з цяжарам абмежавальным памет. Такія перамены выклікаў рух супраць моўнай русіфікацыі, які пачаўся ў сувязі з паслясталінскай “адлегай”.

Відаць, адной з самых значных падзей у развіцці беларускай лексікаграфіі ХХ стагоддзя стаў выхад пяцітомнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” ў 6-ці кнігах (Мн., 1977–1884). Слоўнік рыхтаваўся як нарматыўны лінгвістычны даведнік. Аднак паняцце нарматыўнасці ва ўмовах сарыентаваных на рускую культуру і рускую мову тэндэнцый атрымлівае неакрэсленасць і двухсэнсоўнасць. Гэта акалічнасць не магла не выклікаць палярных меркаванняў пра яго сярод навукоўцаў і простых карыстальнікаў. Адны даследчыкі называлі слоўнік выключна вялікім дасягненнм беларускай філалагічнай навукі, найкаштоўнейшым народным здабыткам, іншыя лічылі, што гэты слоўнік і іншыя пасляваенныя акадэмічныя слоўнікі не так узбагацілі лексічныя сродкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы і павысілі культуру літаратурнага маўлення, як нанеслі ёй шкоду, аддалілі яе ад нацыянальных вытокаў[†]. Аналіз лексікі слоўніка засведчыў пераемнасць традыцый, у якіх былі створаны слоўнікі 1930–60-х гадоў. Да нашых дзён ТСБМ застаецца пакуль што адзіным максімальна вялікім зборам беларускай лексікі. На яго аснове, а таксама на аснове перакладных слоўнікаў пасляваеннага часу былі падрыхтаваны і выдадзены іншыя слоўнікі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, у тым ліку “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы”(Мн., 1993, 1996, 1999.

У 1982 годзе ў двух тамах быў перавыдадзены “Русско-белорусский словарь”, а ў 1962 годзе – “Беларуска-рускі слоўнік”. Ад сваіх папярэднікаў слоўнікі адрозніваюцца хіба толькі большай колькасцю рэестравых слоў. Прычым варта адзначыць, што аб’ём і пэўныя асаблівасці перадачы слоўных артыкулаў асобных слоў у РБС-53 паўтараюцца і ў РБС-82, а асаблівасці семантычнай распрацоўкі, стылістычнай маркіраванасці асобных лексем у БРС-88 дублююць БРС-62 (ніжэй мы праілюструем гэта прыкладамі). З нязначнымі зменамі, якія зноў жа тычацца пераважна колькасна-фармальнага боку, “Русско-белорусский словарь” перавыдаваўся ў 1993, 1998 гг., “Беларуска-рускі слоўнік – у 1995

На гэту праблему беларускай лексікаграфіі звяртае ўвагу і В.К.Шчэрбін. Даследчык зазначае, што “сёння можна з упэўненасцю сцвярджаць, што агульная колькасць змяшчаемых імі (маюцца на ўвазе ТСБМ, РБС-95) рэестравых адзінак значна саступае нават суме рэестраў існуючых перакладных слоўнікаў”. І далей: “...цыркулюе адна і тая ж слоўнікавая інфармацыя (шмат у чым ужо састарэлая з пункту погляду сучасных норм) з аднаго слоўніка ў другі. Інакш кажучы, хутка расце агульная колькасць выдадзеных беларускіх слоўнікаў, але сумарны аб’ём змяшчаемай імі лексічнай, граматычнай і іншай інфармацыі амаль не павялічваецца” (Шчэрбін, 1996, с. 68).

Такім чынам, развіццё беларускай лексікі і лексікаграфіі ХХ ст. характарызуецца, па-першае, рэалізацыяй моўнай палітыкі, накіраванай на пашырэнне сферы выкарыстання рускай мовы і замацаванне ў слоўніках шматлікіх русізмаў і, адпаведна, звужэннем сферы функцыянавання беларускай мовы і, адпаведна, ігнараваннем складальнікамі слоўнікаў беларускіх слоў, якія падкрэсліваюць адметнасць і самабыснаць беларускай мовы; па-другое, нятворчым і тэндэнцыйным падыходам да лексікаграфічнай справы (у самым шырокім сэнсе). Але паколькі існуе першая праблема, кардынальнае вырашэнне другой наўрад ці магчымае.



[*] Гл., напр.,: Казак Р. Выправіць памылкі і недакладнасці // Літ. і мастацтва. 1937. № 27; Перакладчык. Шкоды боль, чым карысці // Там жа. 1983. № 7.

[†] Гл, напр.: Наркевіч А. Скарбніца мовы народнай // Звязда. 1986. 1 лістап.; Садоўскі П. Час одуму: Да выхаду 5-тамнага Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы // Полымя. 1986. № 5. С.168–180.; БаханькоўА.Я., Вештарт Г.Ф., Прыўчэпчык А.М. Ці глыбока думаў рэцэнзент? // Полымя. 1987. № 12. С. 192–204; Цыхун Г. У славянскім кантэксце // там жа. С.204–206; Бугаёў Д. Ці трэба адмаўляць відавочнае? // Там жа. С 206–209; Вялюгін А.Не разбіце патаемны ліхтар // Там жа. С.209–211; Дубавец С. Інструмент складаны, тонкі // Літ. І мастацтва. 1987. 2 кастр., Жураўскі Марым пра ідэальны слоўнік? // Там жа. 1988. 5 лют.


Еще из раздела Иностранный язык:


 Это интересно
 Реклама
 Поиск рефератов
 
 Афоризм
Увести чужую жену несложно – сложно вернуть ее обратно.
 Гороскоп
Гороскопы
 Счётчики
bigmir)net TOP 100