История: Гаспадарчая дзейнасць насельніцтва Беларусі ў першабытную эпоху, Реферат

Гаспадарчая дзейнасць насельніцтва Беларусі ў першабытную эпоху (100 – 40 тыс. гадоу да н.э. – VI ст. н.э.)

Першабытнаабшчынны лад – самы працяглы перыяд развіцця чалавечага грамадства. Ен мае наступныя храналагічныя рамкі – ад з’яўлення чалавека да фарміравання класавага грамадства і ўзнікнення дзяржавы.

Гэты перыяд мае наступныя характарыстыкі:

- нізкі ўзровень развіцця вытворчых адносін і маруднае іх удасканаленне;

- нізкія тэмпы развіцця грамадства;

- калектыўны характар прысваення прыродных рэсурсаў і вынікаў вытворчасці;

- сацыяльная роўносць людзей, ураўняльнае размеркаванне матэрыяльных даброт;

- адсутнасць прыватнай уласнасці, эксплуатацыі, класаў і дзяржавы.

Перыяд першабытнаабшчыннага развіцця грамадства мае досыць складаную перыядызацыю. Даследчыкі выкарыстоўваюць некалькі варыянтаў, заснаваных на канкрэтных прынцыпах. Найбольш папулярнымі з’яўляюцца археалагічная і сацыяльна-гістарычная перыядызацыі. Археалагічная перыядызацыя заснавана на прынцыпе выдзялення асноўнага матэрыялу, што выкарыстоўваўся для вытворчасці прылад працы:

- каменны век (100 тыс. гадоў да н.э. – 3 тыс. гадоў да н.э.):

- палеаліт (100 тыс. гадоў да н.э. – 10 тыс. гадоў да н.э.);

- мезаліт (9 тыс. гадоў да н.э. – 6 тыс. гадоў да н.э.);

- неаліт (5 тыс. гадоў да н.э. – 3 тыс. гадоў да н.э.);

- бронзавы век (2 тыс. гадоў да н.э.);

- жалезны век (1 тыс. гадоў да н.э. – VII ст. н.э.).

 


Этапы развіцця першабытнай гаспадаркі на тэрыторыі Беларусі:

Храналагічныя рамкі Археалагічныя рамкі Асаблівасці ў развіцці гаспадаркі Асаблівасці ў грамадскім ладзе
100 – 35 тыс. год да н.э. Ранні і сярэдні палеаліт Прысвойвальныя формы гаспадаркі Першабытны чалавечы статак, або праабшчына
35 – 2 тыс. год да н.э. Позні палеаліт, мезаліт і неаліт Росквіт прысвойвальнай гаспадаркі, узнікненне вытворчай (земляробства, жывёлагадоўля, рамяство). Першы падзел працы паводле полу і ўзросту Родавая абшчына. Пераход да парнай сям’і.
2 тыс. год да н.э. – V ст. н.э. Бронзавы і ранні жалезны век Шырокае распаўсюджванне вытворчых формаў гаспадаркі. Развіцце абмену. Разлажэнне рода-племяннога ладу, усталяванне суседскай абшчыны

Даследчыкі вызначаюць наступныя фактары развіцця першабытнаабытнай гаспадаркі на Беларусі: біялагічныя, сацыяльныя і прыродныя.

Біялагічны фактар. Чалавек з’явіўся на тэрыторыі Беларусі прыкладна 100-40 тыс. год да н.э. Гэта быў неандэрталец. Знешне ён мала адрозніваўся ад чалавека сучаснага тыпу. Ен быў больш груба складзены, меў нізкі лоб. Тым не менш, аб’ем галаўнога мозгу адпавядаў сучаснаму чалавеку. Гэта гаворыць аб добрых інтэлектуальных здольнасцях першых жыхароў на тэрыторыі Беларусі.

Каля 35-30 тыс. год да н.э. тэрыторыя Беларусі засяляецца чалавекам сучаснага тыпу – краманьёнцам. Агульныя антрапалагічныя характарыстыкі яго былі наступныя: рост – каля 160 см. (жанчыны крыху ніжэйшыя), у шлюб уступалі ў 12-15 гадоў, сярэдняя працягласць жыцця складала 20 гадоў. Да 40 гадоў дажываў 1 са 100 чалавек.

Сацыяльны фактар. Пад час эвалюцыі грамадскага ладу ад першабытнаабшчыннага статку праз родавую абшчыну да суседскай чалавек шукаў больш прагрэсіўныя формы гаспадарання, якія адпавядалі бы існуючым грамадскім адносінам і наадварот.

Існуе некалькі прыродных фактараў развіцця гаспадаркі, сярод якіх вылучаюцца: тэрыторыя, глебы, раслінны і жывельны свет, клімат, рэльеф мясцовасці, наяўнасць рачной сеткі і сыравіны.

Тэрыторыя. Беларусь уяўляе сабой адзіны геаграфічны рэгіён, што спрыяла фарміраванню адзінага эканамічнага раёна з адпаведнымі напрамкамі гаспадарчай дзейнасці.

Глебы і раслінны свет на Беларусі разнастайныя. Гэта мела вынікам розныя заняткі ў насельніцтва розных частак Беларусі, што ў сваю чаргу стымулявала абмен.

Умераны клімат, які усталяваўся пасля адыходу ледавіка, спрыяў развіццю як прысвайвальных, так і вытворчых формаў гаспадаркі.

Рэкі ў першабытныя часы былі важнейшым фактарам гаспадарчага развіцця. Не здарма ўсе старажытныя цывілізацыі ўзніклі на вялікіх рэках. На Беларусі багата рэк, яны звязваюць яе з суседнімі рэгіёнамі.

Сыравіна. Для старажытнай эканомікі найбольш важнымі былі наступныя віды сыравіны – крэмень, гліна, вапняк, жалезная руда, лес. Усё гэта ў вялікай колькасці знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, часткова экспартавалася на сумежныя тэрыторыі.

 

Зараджэнне і развіццё прысвайвальнай гаспадаркі

Прысвайвальная гаспадарка – гэта такі спосаб гаспадарання, калі суб’ект гаспадарання (чалавек) толькі карыстаецца прыроднымі рэсурсамі.

Аснова вытворчых адносін прысвайвальнай формы гаспадарання – калектыўная, маёмасць на прылады працы – абшчынная, існавала ураўняльнае размеркаванне матэрыяльных даброт, а тэмпы развіцця вытворчых адносін былі вельмі марудныя.

Асноўная задача прысвайвальнай гаспадаркі – гэта пошук найбольш рацыянальных спосабаў атрымання прадуктаў харчавання.

Асноўныя элементы прысвайвальнай гаспадаркі:

- аб’ект эксплуатацыі – тыя ці іншыя віды раслін ці жывёльнага свету;

- прылады працы;

- прыроднае асяроддзе;

- суб’ект гаспадарання – чалавек. Ен вызначаў спосаб гаспадарання і аб’ядноўваў папярэднія элементы.

Храналагічна прысвайвальная гаспадарка з’яўлялася адзінай формай гаспадарання ў палеаліце і мезаліце. Пазней яна суіснавала побач з вытворчымі формамі гаспадарання, страчвала сваю важкасць.

Палеаліт

Палеаліт (100 – 10 тыс. год да н.э.), супадае з ледавіковым перыядам на тэрыторыі Беларусі. Першыя людзі, што засялялі сучасную тэрыторыю Беларусі, ужо валодалі навыкамі палявання і збіральніцтва.

Збіральніцтва – першая форма гаспадарчай дзейнасці. Збіральніцтва не патрабавала складаных прылад працы, прыстасаванняў. Збіралася ўсе прыгоднае ў ежу – расліны, дробныя жывелы і г.д.

Прылады працы – самыя простыя – палка-капалка, косці, рогі жывел, груба апрацаваныя камяні.

Збіральніцтва залежала ад кліматычных умоў, таму людзі вымушаны былі весці качавы характар жыцця.

Паляванне – больш складаная форма прысвайвальнай гаспадаркі, давала людзям харчаванне на працягу усяго года. Акрамя ежы людзі атрымлівалі скуру, косці, рогі, зубы, тлушч – сыравіну, якая выкарыстовывалася ў першабытнай вытворчасці, магіі.

На першым этапе развіцця паляванне мела каллектыўны і спецыялізаваны характар. Гэта было загоннае паляванне на адпаведны від жывелы – маманта, пайдночнага аленя, насарога). Адсюль узнікла сацыяльнае аб’яднанне першабытных людзей – лоўчая абшчына (першая форма кааперацыі), у склад яе ўваходзіла каля 30-50 чалавек. У год ім патрабавалася прыкладна 11 тон мяса, што магчыма было здабыць на тэрыторыі 750 кв. км.

Галоўныя прылады і прыстасаванні – дзіда, лоўчая яма.

Паляванне давала не толькі харчаванне, але і матэрыялы для пабудовы жылля – косці, чарапы і скуру маманта, а таксама і адзенне – скураную вопратку. Вялікую перавагу людзям давала валоданне агнём. На першым этапе выкарыстоўвалі прыродны агонь, пазней навучыліся яго здабываць самі. Захоўвалі агонь жанчыны, што значна павышала іх сацыяльны статус.

Функцыі агню:

- абагрэў жылля;

- абарона ад драпежнікаў;

- дапамога ў паляванні;

- прыгатаванне якаснага харчавання.

У познім палеаліце прылады працы мелі больш за 100 функцыянальных прызначэнняў. Сярод найбольш распаўсюджаных прылад працы можна вызначыць розныя праколкі, скрабкі, нажы, рубілы і. г.д. Матэрыялы – крэмень ці іншы цвёрды камень, дрэва, косць, скура, сухажыллі. Тэхналагічны прыём апрацоўкі камню – “адшчэпа”. Сутнасць тэхналогіі – пласціны дакладнай формы адшчэпліваліся ад прызматычнага ядра. Даапрацоўка ажыццяўлялася шляхам аджыму маленькіх чашуек па краях пласцін.

Найбольш старажытныя знаходкі прылад працы на Беларусі зроблены каля населеных пунктаў Абідавічы, Падлужжа, Свяцілавічы на Поўдні Беларусі. Храналагічна яны адносяцца да перыяду 100 – 40 тыс. год да н.э. Першыя пасяленні людзей з’явіліся значна пазней – Юравічская стаянка мае узрост каля 26-27 тыс. год, стаянка ў Бердыжы каля 24 тыс. год. На тэрыторыі стаянак былі знойдзены сякерападобныя каменні, наканечнікі дзідаў і інш. Прылады, што тыпалагічна адносяцца да мусцьерскай культуры.

Мезаліт

Мезаліт (9 тыс. год да н.э. – 6 тыс. год да н.э.) – гэта пасляледавіковы перыяд, ці галацэн. Кардынальныя змены ў прыродным асяроддзі мелі вынікам змены у спосабах вядзення гаспадаркі.

Далейшае развіцце атрымала паляванне, што, найперш, адбілася на змене формаў палявання. Гэта было выклікана наступнымі перадумовамі:

- адбывалася ўдасканаленне стацыянарных сродкаў і прылад палявання (ямы, сілкі, сеткі, пасткі, самастрэлы);

- удасканаленне механічных прылад палявання (з’явіўся лук);

- у мезаліце адбылося прыручэнне сабакі;

- пашырэнне аб’ектаў палявання за кошт птушкі, сярэдніх і дробных жывёл.

Калектыўны характар палявання стаў не такім актуальным, распаўсядзілася індывідуальнае паляванне.

Рыбалоўства – новая ў мезаліце форма гаспадарання для беларускіх тэрыторый. Пасля адыходу ледавіка утварыліся рэкі і азеры, с цягам часу яны набылі сучасны выгляд.

На першым этапе з’яўлення рыбалоўства людзі карысталіся астрогай, гарпуном, кручкамі а то і проста рукамі. Пазней была вынайдзена сетка, што дазволіла лавіць рыбу на працягу ўсяго года. У сваю чаргу апошняе стымулявала аседласць.

Збіральніцтва – перажывала росквіт. Прыродныя ўмовы паспрыялі значнаму пашырэнню спісу аб’ектаў збіральніцтва.

З’яўленне новых і ўдасканаленне старых формаў гаспадарання дазволіла збіраць: па-першае – большую колькасць прадуктаў харчавання, па-другое – больш разнастайнае харчаванне. Як вынік – лоўчая абшчына вырасла ў новую форму сацыяльнай арганізацыі людзей – родавую абшчыну.

Радавая абшчына:

- аб’ядноўвала людзей аднаго паходжання;

- характарызавалася калектыўнай маёмасцю;

- падзел працы ажыццяўляўся паводле ўзросту і полу;

- у вытворчай сферы існавала простая кааперацыя;

- вядучая роля ў гаспадарцы і сацыяльнай структуры грамадства належала жанчыне.

Тэхналогіі вырабу прылад працы былі прадстаўлены мікралітычнай – на усходзе і захадзе тэрыторыі сучаснай Беларусі і макралітычнай – у цэнтры сучаснай Беларусі. Макраліты – гэта масіўныя прылады працы, вырабленыя з аднаго куска каменя. Мікраліты – мініяцюрныя прылады працы з каменя дакладнай геаметрычнай формы. Пласцінкі мелі памер каля 1-2 квадратных сантыметраў, выкарыстоўваліся для вырабу састаўнах прылад.

У мезаліце адбылося засяленне усёй тэрыторыі Беларусі, з’явілася аўтахтоннае, ці пастаяннае насельніцта.

 

Узнікненне і эвалюцыя вытворчых формаў гаспадаркі

На Беларусі пачатак пераходу да формаў вытворчай гаспадаркі адбыўся ў перыяд неаліту (5 тыс. год да н.э. – 3 тыс. год да н.э.). Адначасова дасягнулі росквіту прысвойвальныя формы гаспадарання.

Вытворчая гаспадарка – гэта гаспадарка, заснаваная на вытворчасці чалавекам матэрыяльных даброт, неабходных для яго жыцця і дзейнасці.

Жывелагадоўля гістарычна развілася з палявання. Перадумовы развіцця жывелагадоўлі на Беларусі:

- прыручэнне жывелы;

- аседлы лад жыцця насельніцтва;

- асваенне тэхналогіі назапашвання і захавання кармоў для жывелы;

- уплыў плямён перасяленцаў-жывёлаводаў.

Прыкладна ў пачатку 3 тысячагоддзя да н.э. жывёлаводства было вядома сярод жыхароў палескага рэгіену. Да канца неаліту жывелагадоўля – занятак насельніцтва на ўсіх беларускіх землях.

Земляробства – гэта апрацоўка зямлі з мэтай атрымання прадуктаў харчавання і сыравіны для дамашніх промыслаў. Перадумовы ўзнікнення земляробства на Беларусі:

- уплыў плямён перасяленцаў-земляробаў;

- аседлы лад жыцця мясцовага насельніцтва;

- поспехі ў выпрацоўцы і выкарыстоўванні прылад працы;

- спрыяльныя прыродныя ўмовы.

Звесткі аб спарадычным земляробстве датычацца 5 тысячагоддзя да н.э., але толькі пад канец неаліту – на пачатак бронзавага веку яно стала адной з асноўных галін гаспадаркі. На Беларусі існавала ў двух формах – “падсечна-агнявой” ці ляднай і матычнай.

Ляднае земляробства – складаны тэхналагічны працэс, што складаўся з шэрагу этапаў і аперацый.

Першы этап – выбар месца. Выконвалі асноўныя правілы: гэта быў бераг ракі ці возера, глеба павінна быць якаснай, ніколі не выбіралі нізіны і паўночныя схілы.

Другі этап – непасрэдна падсека. Складалася з дзвюх паслядоўных аперацый:

- падрэзка і выдаленне часткі кары на дрэве. На першых этапах развіцця земляробства, калі шырокае выкарыстоўванне сякер было немагчыма па тэхналагічных прычынах, дрэвы сохлі на пні;

- высыханне і спальванне дрэў. Працэс займаў 10-15 год. Выкарыстоўванне сякеры з драўлянай ручкай паскорыла падсеку, скараціўшы працягласць другога этапу да 2-3 год.

Трэці этап – выдаленне пнёў.

Чацвёрты этап – апрацоўка глебы, вырошчванне ўраджаю. Выкарыстоўваўся палетак на працягу 3-6 год. Апрацоўка зямлі і вырошчванне ўраджаю складалася з некалькіх паслядоўных аперацый:

- рыхленне зямлі

- пасеў зярнят або пасадка іншых сельскагаспадарчых культур;

- догляд пасеваў, барацьба з пустазеллем;

- ахова ад звяроў і птушак;

- збор ураджаю;

- малацьба і ачышчэнне зерня;

- пабудова збожжасховішчаў;

- памол зерня;

- выпечка хлеба;

- якасны і колькасны адбор і зберажэнне насеннага матэрыялу (прымітыўная селекцыя).

Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры таго часу – пшаніца, лён, проса.

Паралельна ляднай сістэме земляробства ужывалася матычнае земляробства. Яно не атрымала шырокага распаўсюджання, бо на Беларусі былі стрымлівальныя фактары:

- нізкая ўрадлівасць глебы;

- адсутнічалі вялікія прасторы, свабодныя ад лясоў.

З’яўленне новых формаў гаспадарання мела вынікам значнае расшырэнне спісу прылад працы. Толькі земляробства прынесла з сабой матыкі, сярпы, зернацёркі, паспрыяла ўдасканаленню сякеры і г.д.

Далейшае развіцце ў неаліце атрымала рыбалоўства. Гэта было звязана з вынаходніцтвам лодкі. Лодка (човен) – не толькі сродак больш дасканалага рыбалоўства, але яшчэ і першы транспартны сродак. З’яўленне лодкі стымулявала больш актыўны абмен і развіццё суднаходства. У неаліце была удасканалена сетка, яна мела некалькі розных відаў, мела некалькі прызначэнняў. Усё гэта павялічыла аддачу ад рыбалавецкага занятку.

У неаліце узнікла вытворчасць першага штучнага матэрыялу – абпаленай гліны. З гліны выраблялі ляпны посуд. Сасуды былі недакладнай формы, але ужо мелі розную функцыянальную накіраванасць (гатоўка, захоўванне харчавання, культавыя патрэбы і г.д.).

У неаліце з’явілася адзенне з тканіны, што атрымлівалі ад хатняга промыслу – ткацтва. Сыравіна выкарыстоўвалася як прыродная (крапіва, канопля), так і вырошчвалася на палетках (лён).

У неаліце на Беларусі ўзнікла вытворчасць прылад працы з крэмню з мэтай абмену. Гэтая з’ява цесна звязана з існаваннем чырвонасельскіх шахтаў. Старажытныя шахты былі выпадкова выяўлены ў Ваўкавыскім раёне каля пасёлка Чырвонае Сяло ў 1962 годзе. Аб існаванні спецыялізацыі ў вытворчасці прылад працы можна гаварыць на падставе наступных фактаў:

- існавала ўстойлівая канструкцыя шахтаў. Былі выпрацаваныя галоўныя правілы пабудовы шахтаў – прыладка ствалоў, штрэкаў, устаноўка стаўбоў, функцыянаванне сістэмы вентыляцыі і асвятлення;

- апрацоўка крэмню праводзілася аднастайнымі тэхналагічнымі прыёмамі;

- канчатковая прадукцыя крэмнеперапрацоўчых майстэрань мела стандартны выгляд.

Акрамя майстэрань у непасрэднай адлегласці ад шахтаў, былі майстэрні і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Такія знойдзены каля Оршы, у Быхаўскім раене, у Брэсцкай вобласці. Перапрацоўшчыкі камню карысталіся новымі тэхналагічнымі прыёмамі – пілаваннем, шліфаваннем, свідраваннем, што ўзніклі на прыканцы неаліту. Больш дасканалыя прылады працы, якімі было прасцей працаваць, садзейнічалі росту вытворчасці працы. З’яўленне лішкаў прадукцыі стымулявала ўзнікненне абмену.

Абмен у неаліце існаваў у дзвюх формах: абмен у межах абшчыны – ажыццяўляўся на падставе ўраўняльнага размеркавання; абмен паміж спецыялізаванымі абшчынамі земляробаў і жывёлаводаў – існаваў у адвольнай форме, бо яшчэ не існавала агульнага эквіваленту мены.

Такім чынам, перыяд неаліту на Беларусі характарызаваўся кардынальнымі зменамі у гаспадарцы, у вытворчасці. У гэты час адбыўся першы вялікі грамадскі падзел працы – на земляробства і жывёлагадоўлю. Усе гэтыя змены ёмка называюць “неалітычная рэвалюцыя”, і хоць яна цягнулася некалькі тысячагоддзяў, вынікі яе былі вызначальнымі для больш позніх перыядаў існавання чалавечага грамадства.

Бронзавы век

Бронзавы век на Беларусі мае храналагічныя рамкі: 2-е тысячагоддзе да н.э. і закранае пачатак 1-га тысячагоддзя да н.э. На Беларусі можна гаварыць аб гэтым перыядзе як аб энеаліце – ці медна-каменным веку. Асноўная маса прылад працы як і ў неаліце – была з камню. Бронзавых і медных артэфактаў знойдзена няшмат, усяго каля 70 прадметаў на ўсю Беларусь. гэта тлумачыцца адсутнасцю сваіх сыравінных рэсурсаў і аддаленасцю ад распрацовак медзі наогул. Асноўная група знаходак з бронзы ці медзі – гэта ўпрыгожанні. Сярод прылад працы можна вылучыць сякеры, наканечнікі дзідаў, далоты, шылы. У невялікай колькасці кардынальных зменаў у гаспадарцы яны зрабіць не маглі. Таму ў бронзавы век на Беларусі развівалася і ўдасканальвалася ўсё тое, што было набыта ў неаліце.

Земляробства і жывёлагадоўля з дапаможных заняткаў сталі галоўнымі формамі гаспадарання. На працягу веку бронзы земляробы вырошчвалі на палетках усе асноўныя сельскагаспадарчыя культуры.

У апрацоўцы камню шырока выкарыстоўвалі прыёмы пілавання, шліфавання, свідравання. Новы тэхналагічны прыём – струменьчатая рэтуш – выкарыстоўваўся для надання асобнай вастрыні колюча-рэжучым краям прылад. Шырокае распаўсюджанне набылі сякеры з адтулінамі для драўляных ручак – яны мелі выключнае значэнне для рапаўсюджвання ляднага земляробства.

Гліняны посуд пачалі рабіць з плоскім дном. Гэта азначае, што з’явіліся сталы, лаўкі і паліцы, пачала складвацца культура быту. Знаходкі шматлікіх прасельцаў гаворыць аб распаўсюджванні і пэўных поспехах у ткацтве.

Далейшае развіццё атрымаў абмен. Перш за ўсё гэта датычыцца міжрэгіянальнага абмену. З беларускіх зямель шырока вывозіўся крэмень і прылады працы з яго – у Прыбалтыку; з Прыбалтыкі на Беларусь везлі бурштын, далей ен трапляў на Каўказ і ў Прыкарпацце. З гэтых месцаў мы атрымлівалі медзь і бронзу. Знойдзеныя на Беларусі шкляныя ўпрыгожванні маюць паходжанне з Усходняга Міжземнамор’я.

Паспехі ў развіцці гаспадаркі спрыялі зараджэнню маёмаснай няроўнасці і няроўнасці па палавой прыкмеце. Матрыярхат як сацыяльная арганізацыя грамадства страчвае свае пазіцыі. У гаспадарчым жыцці галоўнай асобай, здабытчыкам і працаўніком становіцца мужчына. Гэта павышае яго статус у грамадстве, што спрыяе ўсталяванню патрыярхальных адносін. Пацвярджаюць гэта знаходкі больш багатых па інвентару мужчынскіх пахаванняў.

 

Развіццё сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлёвых адносін у перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і станаўлення феадальных адносін

Распад першабытнаабшчынных адносін на Беларусі храналагічна супадае з жалезным векам. Першыя прылады працы з жалеза з’явіліся на Беларусі на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э. Яны былі знойдзены ў адным месцы – на поўдні Беларусі, у Лоеўскім раёне. Толькі праз 2-3 стагоддзі перапрацоўка жалеза і вытворчасць жалезных прылад працы распаўсюдзілася па ўсей тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму прынята лічыць пачатак жалезнага веку з VIII-VII стст. да н.э.

На Беларусі існавалі станоўчыя перадумовы, што паспрыялі досыць хуткаму распаўсюджванню жалеза:

- наяўнасць вялікай колькасці лёгкадаступнай сыравіны – балотнай ці лугавой руды і драўнянага вугалю;

- адносна нескладаная тэхналогія перапрацоўкі жалеза ў домніцах (прымітыўных плавільных печах);

- адзначаўся вялікі попыт на якасныя і прасцейшыя ў эксплуатацыі прылады працы, асабліва ў земляробстве;

- існавала магчымасць выкарыстоўваць мясцовымі кавалямі ўжо распрацаваныя тэхналагічныя прыёмы – кавальскую зварку, пакетную коўку і інш.

Выкарыстоўванне жалезных прылад працы значна павысіла вытворчасць працы, людзі атрымлівалі больш прадукцыі, з’явіўся прыбавачны прадукт, што выкарыстоўваўся для накаплення ці абмену.

Абмен у гэтыя часы меў пераважна натуральны характар, калі адна рэч мянялася на іншую рэч. Тым не менш, з’явіліся грошы – грэчаскія і рымскія манеты. Яны яшчэ не выконвалі ролю універсальнага эквіваленту, а хутчэй за ўсё з’яўляліся прадметам накаплення. Аб гэтым сведчаць знаходкі буйных кладаў, што адносяцца да адзначанай эпохі. Як і раней, існаваў лакальны абмен і міжрэгіянальны. Беларускія землі пастаўлялі суседзям з Паўночнага Прычарнамор’я і Ніжняга Падняпроў’я драўняны вугаль (існавала вытворчасць гэтага прадукта), рээкспартавалі у тым жа напрамку прыбалтыйскі бурштын. На Беларусь прывозіліся манеты грэчаскіх і рымскіх гарадоў, прадметы “прэстыжу”.

На пачатак нашай эры гаспадарчае развіцце беларускіх земляў шло пад ўплывам актыўных этнічных працэсаў. Апошняя стадыя гэтых працэсаў – гэта рассяленне на сучасных беларускіх землях славянскіх пляменаў. Рассяленне славян (пачалося ў VI ст.) прынесла кардынальныя змены ў эканамічным жыцці. Славяне мелі больш высокі ўзровень развіцця гаспадаркі ў параўнанні з мясцовым насельніцтвам. Перасяленцы вялі ворнае земляробства і жывёлагадоўлю, арыентаваную на малочную вытворчасць. Больш таго, яны прынеслі жорны на змену зернацёркам, якімі карысталася мясцовае насельніцтва. Славяне прынеслі новую форму сацыяльнай арганізацыі – сельскую абшчыну. Змешваючыся з мясцовымі жыхарамі у VI-VII стст. яны утварылі славяна-балцкія калочынскую і банцараўскую археалагічныя культуры. Некаторыя даследчыкі лічаць , што гэтыя утварэнні маглі мець прыкметы прота-дзяржавы. На вялікіх тэрыторыях адсутнічалі ўмацаваныя паселішчы, што гаворыць аб скаардынаванай абароне і адсутнасці ўнутранных сутычак. На тэрыторыі існавання гэтых культур ёсць знаходкі пахаванняў, што змяшчаюць выключныя па якасці і каштоўнасці рэчы. Гэтыя пахаванні прыпісваюць правадырам вялікіх тэрыторый.

Сельская абшчына (мір, вервь) – аб’яднанне людзей, заснаванае не на роднасных, а на тэрытарыяльных і часткова, вытворчых сувязях. У працэсе развіцця мела тры асноўныя формы, што змянялі адна адну.

Вялікасямейная сельская абшчына (VI-VII стст.) складалася з 150-200 абшчыннікаў, што разам апрацоўвалі зямлю. Маёмасць на зямлю была калектыўная, а на жыллё і гаспадарчыя пабудовы ўжо ўсталявалася прыватная ўласнасць. Размеркаванне прадукцыі адбывалася згодна са звычаем.

Суседска-вялікасямейная ці земляробчая сельская абшчына (VIII-IX стст.). Разам з цэнтрам абшчыны – галоўным вялікім пасяленнем існавалі малыя паселішчы – “сямейныя абшчыны”. Вялікая патрыярхальная сям’я як і раней была асноўнай гаспадарчай адзінкай. Ёй належала тая зямля, што яна апрацоўвала, і ўжо на той час сем’і мелі розны ўзровень багацця. Адначасова вылучаюцца малыя сем’і, што самастойна вялі гаспадарку.

Суседская сельская абшчына (X-XI стст.). Яе існаванне адзначана наступнымі прыкметамі:

- вылучэнне малых сем’яў з вялікай патрыярхальнай;

- усталяванне прыватнай уласнасці сям’і на зямлю;

- індывідуальнае вядзенне гаспадаркі кожнай сям’ёй.

Далейшае развіццё абшчыны ішло ў двух напрамках. Першы шлях – гэта дыферэнцыяцыя абшчынікаў унутры абшчыны, што мела вынікам канцэнтрацыю права маёмасці на зямлю у адной ці некалькіх сем’ях, рост залежнасці бяднейшых абшчыннікаў ад багацейшых. Такім чынам, усталёўваліся феадальныя адносіны. Другі шлях – гэта прамы захоп абшчынных зямель і свабодных абшчынікаў з боку дзяржаўнай улады ў асобе князя і дружыны. Вынік той жа – знікненне сялянскай маёмасці на зямлю, усталяванне феадальных адносін. Першабытнаабшчынны лад хутка распадаўся, а з ім адыходзіла і першабытная гаспадарка.

 

Вылучэнне рамяства і развіццё гандлю

У першабытнай гаспадарцы рамесніцкая вытворчасць была непарыўна звязана з сельскай гаспадаркай. Вытворчасць розных прылад мела выгляд хатняга промыслу. Хатні промысел – гэта вытворчасць тых ці іншых вырабаў для ўжытку ў сям’і. Рамяство – гэта вытворчасць розных рэчаў на рынак ці пад заказ людзьмі, што валодалі спецыяльнымі ведамі і навыкамі.

Вылучэнне рамяства з сельскай гаспадаркі мае наступныя прыкметы:

- былі распрацаваныя спецыфічныя складаныя тэхналогіі вырабу прадметаў;

- наяўнасць спецыялізаваных майстэрняў, размешчаных асобна ад іншых пабудоў;

- наяўнасць сыравіннай базы ці шляхоў дастаўкі сыравіны;

- гатовая прадукцыя мела стандартны выгляд на вялікай тэрыторыі;

- абмен меў развіты характар.

Ужо ў VI-VIII стст. шэраг хатніх промыслаў існаваў у пераходнай стадыі да рамяства. Так, апрацоўка дрэва вылучалася шырокім спісам дрэваапрацоўчых інструментаў (сякеры сучаснага тыпу, далоты, цясло, свярдзёлкі і інш.). Гэта гаворыць аб развітай тэхналогіі дрэваапрацоўкі. Вырабы з керамікі на вялікай тэрыторыі мелі больш-менш стандартны S-падобны выгляд, амаль на ўсей тэрыторыі сустракаліся прасліцы аднаго тыпу. Разьбой па косці і рогу займаліся ў кожнай хаце, але з’яўленне выключных па мастацкай якасці рэчаў можна аднесці толькі да вытворчасці пад заказ ці на абмен. Тое ж можна сказаць і пра ткацтва і прадзенне. Для ўнутраннага ўжывання выкарыстоўвалася больш грубая тканіна, а якасная выраблялася пад заказы ці на абмен.

Першае рамяство звязана з апрацоўкай жалеза і вытворчасцю жалезных прылад працы. Кожны жадаючы не мог займацца гэтай справай, таму што: патрабавалася веданне складанай тэхналогіі, спецыяльныя веды. Шматгадовая практыка, фізічная падрыхтоўка таксама былі вызначальнымі фактарамі выдзялення кавальства ў рамяство. Развіццё рамяства ішло ў двух напрамках. Існавалі аседлыя кавалі. Іх праца мела сезонны характар. Вытворчасць асноўнай масы прадукцыі адбывалася ў перыяды, свабодныя ад сельскагаспадарчых работ (каваль вёў сваю гаспадарку). Але існавалі і кавалі-вандроўнікі. Гэта былі прафесійныя кавалі, што выконвалі заказы жыхароў розных месцаў ці прапанавалі ім гатовыя вырабы. У замен яны атрымлівалі ўсе неабходнае для існавання.

Вылучэнне рамёстваў мела наступныя вынікі:

- падрываўся калектыўны характар працы і прысваення;

- асобныя члены абшчыны атрымлівалі магчымасць самастойна прысвойваць прыбавачны прадукт, абыходзячы працэдуру размеркавання ў межах абшчыны;

- развіваўся абмен ў рамках селянін-рамеснік.

Вылучэнне рамясва з сельскай гаспадаркі было другім грамадскім падзелам працы. Гэта быў рухавік, што прывеў да фарміравання дзяржавы і класаў.

Абмен і гандаль. Паступова, у працэсе развіцця і ўдасканалення абмену, сваё месца стаў адваёвываць гандаль. Перадумовы ўзнікнення гандлю:

- хуткае развіцце сельскай гаспадаркі;

- аседлы лад жыцця мясцовага насельніцтва;

- рост шчыльнасці насельніцтва;

- вылучэнне і развіццё рамёстваў;

- далейшае развіццё прысвойвальных формаў гаспадаркі;

- гаспадарчая спецыялізацыя рэгіенаў;

- усталяванне эквіваленту абменаў.

Эквівалент – гэта найбольш значная, універсальная для абодвух абменьваючыхся бакоў рэч. Славяне спачатку выкарыстоўвалі ў якасці эквіваленту жывёлу, пазней – металы, а дакладней – манеты існаваўшых у тыя часы дзяржаў, з якімі падтрымлівалі гандлёвыя сувязі. Міжрэгіянальны абмен меў выгляд так званага “прэстыжнага абмену”. Яго сутнасць у тым, што за свой тавар (у асноўным – сыравіну) атрымлівалі рэчы, якія не мелі спажывецкай ці вытворчай вартасці, але неслі прэстыж яго ўладальніку. Лакальны абмен дапамагаў пераразмяркоўваць прыбавачны прадукт ў межах абшчыны ці невялікага рэгіёну. На гэтай першай стадыі развіцця прымітыўны гандаль яшчэ адбываўся без пасрэднікаў. Гандляры як сацыяльная група з’явяцца ў працэсе класаўтварэння і станаўлення дзяржаўных інстытутаў. З іх з’яўленнем адбудзецца трэці вялікі грамадскі падзел працы.

Шматукладная гаспадарка

Шматукладнае грамадства – гэта грамадства, дзе феадальны ўклад жыцця паступова пераважаў над родаплемяным і рабаўладальніцкім, суіснуючы некаторы час побач.

Эканамічная шматукладнасць наглядалася ў суіснаванні суседскай абшчыны і феадальных зямельных уладанняў. Сацыяльная шматукладнасць – гэта падзел грамадства на розныя сацыяльныя групы. Адначасова суіснавалі групы: свабодных сялян-абшчыннікаў, але ўжо пачалося іх расслаенне, вылучэнне феадальна-залежнага сялянства (чэлядзі); была група рабоў, складваўся клас феадалаў-землеўладальнікаў. Адначасова ішло ўсталяванне дзяржаўных устаноў. З’явіліся “кармленні” – складваліся васальныя адносіны, насельніцтва пачало эксплуатавацца дзяржавай – у выглядзе палюддзя. Наогул, паступова вярхоўная ўлада на зямлю перайшла да дзяржавы ў асобе князя.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1-5. Мінск, 1993, 1999.

2. С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі / С. Ф. Шымуковіч – Мн, 2001.

3. Галубовіч В.І. Эканамічны стан, побыт і гандаль старажытнай Беларусі / Галубовіч В.І. - Мінск, 1997.


Еще из раздела История:


 Это интересно
 Реклама
 Поиск рефератов
 
 Афоризм
Если выпил граммов двести, выпить триста - дело чести!
 Гороскоп
Гороскопы
 Счётчики
bigmir)net TOP 100