История: Падзелы Рэчы Паспалітай, Контрольная работа

  • Категория: История
  • Тип: Контрольная работа

Содержание

1. Прычыны падзелу Рэчы Паспалітай

2. Падзелы 1793 і 1795 гг. – Уключэнне Беларусі у склад Расіі

3.Унутраная палітыка расійскага урада на Беларусі

4. Заключэнне

Літаратура


1. Прычыны падзелу 1772 г. і міжнародна-прававыя дакументы

Можна вылучыць шмат прычын, якія прывялі Рэч Паспалітую да падзелаў. Галоўная з іх відавочна палітычны лад Рэчы Паспалітай, які заканамерна падрываў самыя асновы дзяржаўнасці. Найбольш небяспечным было спалучэнне знакамітых “залатых шляхецкіх вольнасцей”: выбранне манарха, liberum veto, “Pacta conventa”, “канфедэрацыі”, “рокашы”[1].

Самую дакладную характарыстыку тагачаснаму становішчу Рэчы Паспалітай дала сама шляхта ў прыказцы «Польшча трымаецца на бязладдзі». Бязладдзе гэта стала вынікам разіцця «залатых» шляхецкіх вольнасцей, ці, лепш сказаць, злоўжывання імі. Ужо ў другой палове XVII ст. стала відавочным, што пашырэнне шляхецкай дэмакратыі пры паслабленні цэнтральнай каралеўскай улады вядзе да яе перадачы ў рукі алігархаў, якія  фінансава закабалялі шляхту,  робячы  яе   сваім васальным акружэннем. Але ні водная з груповак не мела сілы ўзяць уладу. Адсюль — разгул анархіі. Яшчэ ў 1669 г. сейм прыняў пастанову, дзе гаварылася, што «ўсялякае новаўвядзенне ў Рэчы Паспалітай можа быць небяспечным і прывядзе да вялікіх хваляванняў. Неабходна сейму сачыць за тым, каб нічога не падвяргалася змяненням»[2]. Але ў канцы XVII—XVIII ст. гэта неабходнасць для сейма адпала, бо шляхецкае права liberum veto, па якому нават аднаму дэпутату дазвалялася сарваць сейм, практычна паралізавала работу гэтага вышэйшага органа ўлады. Пасля першага прымянення гэтага права ў 1652 г., калі дэпутат Упіцкага павета В. Сіцынскі па жаданню Я. Радзівіла не згадзіўся з пастановай сейма, па 1764 г. з 55 сеймаў Рэчы Паспалітай такім чынам было сарвана 48.

Але апекаваць за непарушнасцю шляхецкіх вольнасцей знайшлося каму. Сквапныя суседзі Рэчы Паспалітай, як клапатлівая маці, ахоўвалі непарадак у Рэчы Паспалітай. Так, расійска-прускі саюзны дагавор 1764 г. меў сакрэтны артыкул, паводле якога саюзнікі абавязваліся захоўваць у Рэчы Паспалітай шляхецкую канстытуцыю, вольныя выбары караля і liberum veto[3]. Пункт гэты, асабліва з боку Расійскай імперыі, выконваўся рупліва.

На сейме 1764 г. было ўведзена абмежаванне на ўжытак права liberum veto — рашэнне эканамічных пытанняў прымалася большасцю галасоў і сеймавым паслам дазвалялася не прытрымлівацца наказаў сеймікаў, калі тыя пярэчылі думцы большасці.

Гэта былі першыя памкненні палітычных рэформ. Але і яны прывялі да выбуху незадаволенасці з боку рэакцыйнай магнатэрыі, якая імкнулася да неабмежаванай улады.

У 60-ыя гады XVIII ст. Расія і Прусія яшчэ шукалі зачэпак, каб дыктаваць сваю волю ўладам Рэчы Паспалітай. Такой зачэпкай стала «дысідэнцкая» праблема. Перад сеймам расійскім бокам было пастаўлена пытанне поўнага ўраўнавання ў правах некатолікаў («дысідэнтаў») з католікамі, згодна дагавору Расіі з Рэччу Паспалітай 1686 г. Сейм станоўча пытанне не вырашыў, чым кінуў Рэч Паспалітую ў апошняе трыццацігоддзе крывавых, непатрэбных для выратавання дзяржавы канфліктаў. Пад патранажам Расіі і Прусіі ў 1767 г. стварыліся ў Слуцку праваслаўная, а ў Торуні пратэстанцкая канфедэрацыі, якія ставілі мэтай дасягненне роўнасці вернікаў розных канфесій у Рэчы Паспалітай. Апошнім аргументам У спрэчцы паміж слуцка-торуньскімі канфедэратамі і сеймавым засядацелямі на карысць першых было 40-тысячнае расійскае войска[4].

У 1768 г. сейм задаволіў памкненні «дысідэнтаў» і даў роўныя правы з католікамі. Але ж былі скасаваны старажытныя нормы, узвышаючы каталіцкую шляхту над некаталіцкай. Супраціўнікі парушэння «старыны» пад старшынствам Ю. Пуласкага арганізавалі ў Бары, што на Украіне, канфедэрацыю, якая аб'яднала даволі шырокія колы шляхецкага саслоўя ўсёй Рэчы Паспалітай. Аднак супрацьстаяць моцы расійскага войска канфедэрацкія атрады не змаглі. Пасля гэтых падзей пад уздзеяннем абвастрыўшайся міжнароднай сітуацыі адбываецца першы падзел Рэчы Паспалітай. 25.7. 1772 г. у Пецярбургу была падпісана канвенцыя паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай[5].

2. Падзелы 1793 і 1795 гг.

Першы падзел паказаў пераважны ўплыў у Польшчы Расіі. Але, з другога боку, ён выклікаў сярод польскіх патрыётаў шквал абурэння супраць Расіі. Між тым у перыяд паміж першым і апошнім падзеламі Польшчы ў асяроддзі польскага грамадства назіраецца пэўнага роду аздараўленне: няшчасці Радзімы ў пэўнай меры працверажальна падзейнічалі на меней сапсаваную частку польскага грамадства. Многія сталі сур'ёзна думаць пра рэформы ў галіне эканамічнага і палітычнага жыцця краіны. Гэтаму працверажэнню і ўвазе да надзённых патрэб дзяржавы несумненна садзейнічаў сам рускі ўрад, бо рускі пасланнік на соймах у зародку спыняў усялякае палітыканства і соймы праходзілі дзелавіта, без зрываў, што даўно не маглі прыпомніць палякі. Відаць, у задачы рускага ўрада першапачаткова ўваходзілі намеры садзейнічаць мірнаму ўладкаванню і росквіту Польшчы. Гэты перыяд адзначаны шэрагам рэформ. Так, у гэты час пачала дзейнічаць Адукацыйная камісія, было наогул палепшана становішча навучальных. устаноў. З'яўляецца багатая публіцыстычная літаратура, якая асуджае многія рысы ў ладзе старой Полынчы. Выразнай у гэтай літаратуры з'яўляецца Моцная дэмакратычная плынь. Яна адчувальна паднімае сялянскае пытанне і яе ўплыў адбіваецца на частковым паляпшэнні становішча сялян, пра што нам яшчэ давядзецца гаварыць у адносінах да Беларусі. Увогуле літаратура і навука адраджаюцца вельмі моцна. Гэта быў бліскучы перыяд уздыму польскага нацыянальнага духу. Але ўсё ж партыя рэформ не была дастаткова моцнай і, акрамя таго, зрабіла цэлы шэраг недыпламатычных крокаў. Партыйнасць і асабістыя рахункі часта перашкаджалі гэтай партыі цвяроза глядзець на рэчы, і ўздым польскага нацыянальнага духу зрабіў яе залішне самаўпэўненай і нецярплівай. Гэта партыя адразу ж стала на вузка нацыянальны пункт гледжання і не магла пазбавіцца ад каталіцкіх тэндэнцый. Гэтыя варункі загубілі Польшчу. Вялікай памылкай партыі рэформ было тое, што яна, паддаючыся прускаму ўплыву і прускім абяцанням, усю віну першага падзелу ўсклала на Расію, у той час як Прусія мела пэўныя намеры атрымаць яшчэ непадзеленыя часткі польскай тэрыторыі. У адносінах да Расіі гэта партыя стала ў відавочна варожыя адносіны і адразу ж абвастрыла рэлігійнае пытанне. У 1783 г. Польшча пагадзілася на заснаванне ў яе межах беларускай праваслаўнай епархіі замест такой жа ўступкі, якую зрабіў рускі ўрад, адкрываючы на сваёй тэрыторыі беларускую уніяцкую епархію. Праваслаўным іерархам у Польшчы быў прызначаны слуцкі архімандрыт Віктар Садкоўскі, чалавек няўстойлівы і зарыентаваны на рускую ўладу. Кафедральным горадам праваслаўнай епархіі быў Слуцк, які належаў Радзівілам. Але з'яўленне беларускага епіскапа ў межах Польшчы толькі ўзмацніла недружалюбныя адносіны і да праваслаўя, і да Расіі. Як гэта ні дзіўна, але дэмакратычны і навуковы ўздым Польшчы ўжываўся з празмернай нецярплівасцю ў справах веры, і побач з бліскучай літаратурай дэмакратычнага характару з'яўляліся брашуры, напоўненыя фанатызмам[6].

У перыяд названага ажыўлення палякі пачалі ўзмоцнена рыхтавацца да рэформ, якія спадзяваліся правесці на сойме 1787 г. У гэты час стварыліся 3 партыі. Адну партыю, якая схілялася да думкі аб рэформах пры садзейнічанні Расіі, называлі каралеўскай. Многія з яе членаў атрымлівалі жалаванне ад рускіх пасланнікаў, у т.л. і сам кароль. Другая партыя, на чале якой стаяў гетман Ксаверый Браніцкі, таксама складалася з рускіх прыхільнікаў, але была праціўніцай караля Станіслава, Нарэшце, трэцяя партыя, на чале якой стаялі Чартарыйскія, была партыяй карэнных рэформ і праціўніцай Расіі. Паколькі ў гэты час у Расіі пачалася вайна з Турцыяй і Швецыяй, то рускія пасланнікі трымалі сябе ў Польшчы занадта стрымана і сталі ўвогуле не ўмешвацца ў яе справы. На сойме атрымалі перавагу праціўнікі Расіі. Пры такіх умовах пачаў работу вядомы Чатырохгадовы сойм 1787—1791 гг.

Пасяджэнні сойма пачаліся з бясконцых спрэчак па пытаннях рэформ, бо абаронцы старога рэжыму былі дастаткова моцныя. У гэтых спрэчках дамінавала непрыхільнае стаўленне да Расіі. Пануючыя соймавыя партыі сталі на прускі бок, дзейнічалі пад кіраўніцтвам прускіх дыпламатаў і заключылі саюз з Прусіяй, хоць яна тады ж дамагалася некаторых прыморскіх гарадоў, у т.л. Торуні. Невялікія ўспышкі сялянскага паўстання на Украіне далі падставу для абвінавачванняў супраць Расіі. Падпальшчыкам сялянскага бунту палічылі Віктара Садкоўскага, і яго зняволілі ў турму. На сойме разглядаліся праекты адлучэння праваслаўнай царквы ў Полынчы і падпарадкавання яе канстанцінопальскаму патрыярху. У соймавых прамовах толькі і чуліся пагрозы ў адносінах да Расіі і ўпэўненасць у прускай дапамозе і абароне. Рускія дыпламаты паводзілі сябе асцярожна, але, зразумела, што абуральныя паводзіны соймавых дэпутатаў закраналі прэстыж моцнага суседа. Дэпутаты былі празмерна ўпэўнены ў тым, што Расія знаходзіцца ў надзвычай цяжкім міжнародным становішчы і спадзяваліся на моц прускага саюза. Сойм закончыўся аб'яўленнем знакамітай Канстытуцыі 3га мая, якая была праведзена рэвалюцыйным шляхам. Гэта Канстытуцыя сапраўды ўяўляла сабой цэлы шэраг здаровых рэформ. Яна прадугледжвае спадчыннасць каралеўскай улады, знішчае liberum veto, дае правы мяшчанству, упарадкоўвае адміністрацыю і нават у нейкім сэнсе паляпшае становішча сялян. Пры строга арыстакратычным ладзе Польшчы гэта Канстытуцыя была адносна дэмакратычнай і, ва ўсякім разе, была вялікім крокам наперад, бо давала магчымасць далейшага развіцця нармальнага канстытуцыйнага жыцця.

У сваім маёнтку Лявонпаль недалёка ад Полацка граф Лапацінскі ўзвёў у гонар Канстытуцыі 1791 года мемарыяльную калону, якая і цяпер узвышаецца ў парку на левым беразе Дзвіны.

Аднак Канстытуцыя 3-га мая выклікала моцную апазіцыю ў польскім асяроддзі, якое звярнулася па дапамогу да Расіі. У 1792 г. Расія з вялікай славай справілася са Швецыяй і Турцыяй, і ў пачатку гэтага года рускія войскі былі скіраваны ад турэцкай граніцы ў межы Польшчы. Генерал Крачэтнікаў ад імя імператрыцы выпусціў маніфест, у якім гаварылася пра ўсе тыя крыўды, што былі нанесены соймам Расіі. Адразу ж стварылася канфедэрацыя на чале з Феліксам Патоцкім, скіраваная супраць чатырохгадовых рэформ сойма. Гэта канфедэрацыя атрымала назву Таргавіцкай ад імя мяст., што належала Патоцкаму. 3 поўначы ў Польшчу ўступіў генерал Какоўскі. У маі Мінск і Вільня былі ў руках рускіх, і ў Вільні стварылася Генеральная Літоўская канфедэрацыя з тымі ж мэтамі.

Летам рускія войскі, рассейваючы і разбіваючы польскія, былі ўжо пад Варшавай. Тады кароль, які раней дзейнічаў разам з партыяй рэформ, раптам далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. Прусія і Аўстрыя адразу ж увайшлі ў змову з Расіяй адносна падзелу Польшчы, прычым Прусія афіцыйна патрабавала сабе ўзнагароджання за няўдалую для яе вайну з Францыяй. Зімой 1792 г. быў абвешчаны другі падзел РП, прычым Расія атрымала ў межах Беларусі Мінскае ваяводства з некаторымі прылеглымі паветамі Віленскага і Гродзенскага ваяводстваў. Гродзенскі сойм 1793 г. павінен быў пацвердзіць гэту ўступку. Рускія гарнізоны засталіся ў Варшаве і Вільні.

Другі падзел адразу ж выклікаў паўстанне палякаў супраць рускага панавання. Начальнік рускіх гарнізонаў і беларускі генералгубернатар Тутолмін не заўважаў паўстання, што рыхтавалася. Яно пачалося ў сакавіку 1794 г. Рускія гарнізоны ў Варшаве і Вільні былі выразаны. Гэта паўстанне было ўзнята партыяй дэмакратычных рэформ і сустрэла прыхільнае стаўленне гарадскога мяшчанства. На чале Варшаўскага ўрада стаў гродзенскі шляхціц Касцюшка, які засведчыў свой вайсковы талент у вайне 1792 г., а ў Вільні — палкоўнік Ясінскі, які, аднак, прызнаў над сабой уладу Варшаўскага ўрада. Літоўскі ўрад звярнуўся не толькі да мяшчанства, але і да сялянства; ён абяцаў рэформы і заклікаў усіх да барацьбы з рускай уладай. Хоць сілы літоўскага і віленскага ўрадаў былі невялікія, але ў названы час на Беларусі амаль не было рускіх войск. Аднак спробы Ясінскага ўзняць паўстанне ў Мінскай губ. закончыліся няўдачай; не здолеў ён захапіць і Мінск. Нягледзячы на нешматлікасць рускіх войск, літоўскі ўрад не змог іх адолець. Ва ўрадзе Ясінскага пачаўся раскол, і ў ліпені 1794 г. Вільня была захоплена рускімі войскамі. У кастрычніку Сувораў разбіў Касцюшку і пад Варшавай узяў яго ў палон. Расія заняла ўсю Беларусь, Літву і Ўкраіну, а праз год у кастрычніку 1795 г. паміж трыма суседнімі дзяржавамі быў падпісаны канчатковы акт пра трэці падзел Польшчы і тым самым спынена яе дзяржаўнае існаванне[7].

Унутраная палітыка расійскага урада на Беларусі

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі апынуліся ў складзе Расіі.

Палітыка самадзяржаўя ў дачыненні да Беларусі была накіравана на паступовую яе інтэграцыю ў склад Расіі. Гэтыя палітыка праводзілася па ўсіх напрамках – адміністрацыйным, прававым, культурна-нацыянальным, палітычным і г.д.

Тэрыторыя Беларусі была падзелена на пяць губерняў: Віцебскую, Магілеўскую, Мінскую, Гродзенскую і Віленскую. Значныя змены адбыліся і ў жыцці гарадоў. Усе дробныя і сярэднія гарады страцілі свой статус і былі ператвораны ў мястэчкі, якія трапілі ва ўласнасць да прыватных асоб з ліку расійскіх царадворцаў. Цэнтры губерняў атрымалі права на самакіраванне. У 1795 г. беларускія гарады атрымалі права на арганізацыю гарадскіх дум, купцы мелі магчымасць утвараць гільдыі, весці ўнутраны і замежны гандаль.

Аднак на шляху да сацыяльнай інтэграцыі стаяла шляхта былой Рэчы Паспалітай, якая валодала велізарнымі багаццямі і палітычнай уладай на месцах. У складзе Расіі шляхта не бачыла свайго месца, таму што абсалютызм быў не сумяшчальны з тымі правамі і свабодамі, якімі валодала шляхта. Самадзяржаўе гэта добра разумела, але спачатку заахвочвала шляхту да лаяльнасці і пакорлівасці ўладам. Той шляхце, якая вяла сябе пакорліва, улады Расіі захавалі маёмасць, давалі магчымасць працаваць у дваранскіх сходах на месцах.

У адносінах да сялянства Беларусі ўрад Расіі праводзіў тую ж прыгонніцкую палітыку, што і ў дачыненні да сялянства Расіі. Але ў сацыяльных адносінах прыгоніцтва дапаўнялася русіфікацыяй у галіне мовы і культуры, барацьбой з нацыянальным самавызначэннем мясцовых сялян. Гэта праявілася ў тым, што 1839 г. была ліквідавана ўніяцкая царква, а ў 1840 годзе ліквідавана дзеянне Статута 1588 г. у Беларусі. Дзеянне Статута фармальна сведчыла аб павазе царызма да мясцовых традыцый і законаў, гэта была спроба прыцягнуць шляхту на бок супрацоўніцтва з расійскімі ўладамі, захаваць у сялян веру ў «добрага цара» і кепскага мясцовага пана. Ліквідацыя прававога дзеяння Статута 1588 г. была пераходам да адкрытай палітыкі русіфікацыі.

У адносінах да ўсяго польскага ўрад Расіі праводзіў палітыку дыскрамінацыі і рэпрэій. У 30-х гадах XIX ст. было спынена выкарыстанне польскай мовы ў судовым справаводстве, адукацыі, пры правядзенні масавых мерапрыемстваў у гарадах і мястэчках пад час рэлігійных свят. З гэтай жа мэтай у Беларусі было зачынена каля паловы ўсіх каталіцкіх кляштароў і касцёлаў, а мясцовае насельніцтва пераводзілася ў праваслаўе. У выніку каля 2,5 млн. беларусаў з ліку ўніятаў і католікаў сталі праваслаўнымі.

 У пачатку ХІХ ст. рэзка ўзмацніліся  супярэчнасці паміж Францыяй і Расіяй. Напалеонаўская Францыя імкнулася да сусветнага панавання. На гэтым шляху стаялі Англія і Расія. Англія мела магутны ваенны флот, вялізныя калоніі. Экспедыцыя ў Англію для Напалеона была вельмі рызыкоўнай. Таму Напалеон і вырашыў спачатку разграміць Расію, якая, на яго думку, не ўмела ваяваць, была ў ваенных і тэхнічных адносінах адсталай. Гэта магло гарантаваць Францыі поспех. З гэтай жа мэтай Напалеон і стварыў небывалую ў гісторыі армію, якая налічвала 600 тысяч чалавек.

24 чэрвеня 1812 года Францыя, без аб'яўлення вайны, напала на Расію. Беларусь стала полем жорсткіх баявых дзеянняў. Расійскія войскі гераічна змагаліся з французамі пад Кобрынам, Солтанаўкай, Астроўна, Мірам, Полацкам і іншымі месцамі. Трэба адзначыць,што расіяне ў цэлым змаглі навязаць французам сваю стратэгію і тактыку вядзення вайны, на што Напалеон  ніяк не разлічваў.

Важным ваенным вынікам вайны 1812 года стала Барадзінская бітва, што  адбылася ў жніўні 1812 года. У гэтай бітве Напалеон не здолеў разграміць рускую армію і гэта вырашала канчатковы зыход вайны. У кастрычніку 1812 года расійская армія вымусіла французаў пакінуць Маскву і пачаць адступленне. Адступленне ў хуткім часе перерасло ў бегства французаў з Расіі. Канчатковы разгром французскага нашэсця на Расію адбыўся ў лістападзе пры пераправе праз раку Беразіну. Тут французы страцілі больш за 20 тысяч салдат і ўвесь свой скарб, які нарабавалі ў Маскве, іншых гарадах Расіі і Беларусі.

30-я гг. сталі паваротнымі ва ўрадавай палітыцы. Быў узяты курс на поўнае зліццё заходніх губерняў з Расіяй. Прычынамі гэтаму былі: па-першае, рост апазіцыйных грамадска-палітычных настрояў і рухаў, па-другое, разлажэнне феадальна-прыгонніцкага ладу, якое паступова перарастала ў крызіс.

Урад ідзе на сур’ёзны палітычны крок, вядомы пад назвай “разбор шляхты”. Ён быў накіраваны супраць дробнай шляхты, галоўнага распаўсюджвальніка апазіцыйных настрояў. У адпаведнасці з указамі ад 1831, 1847, 1857 гг. асобы, якія не змаглі дакументамі пацвердзіць свайго шляхецтва, не былі зацверджаны ў дваранскім званні. Яны пазбаўляліся права валодаць маёнткамі і павінны былі прадаць сваю ўласнасць. Гэтая катэгорыя былых шляхціцаў павялічвала падатковае саслоўе.

Такім чынам, вайна 1812 года, негледзячы на ўсе эканамічныя разбурэнні, з’явілася яркай старонкай нашай гістрыі. Таму што, у жыццевай рэчаіснасці таго часу беларусы, разам з расіянамі, змагаліся з  агульным ворагам. Беларусы пачалі, хоць часткова, усведамляць агульнасць вялікай краіны.


Заключэнне

 

Падзелы Рэчы Паспалітай

У 1764 г. каралём Рэчы Паспалітай быў выбраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які лічыўся стаўленікам суседніх дзяржаў. Вакол караля аб’ядналіся магнаты і шляхта, якія марылі аб адраджэнні Рэчы Паспалітай. Улады пачалі паступовыя эканамічныя рэформы: адчыняліся дзяржаўныя і прыватныя мануфактуры, будаваліся каналы, арганізоўваліся кірмашы, падтрымліваўся міжнародны гандаль. Соймы працавалі ў рэжыме канфедэрацыі, калі права libеrum veto не дзейнічала. Але ў 1767 г. щнутрыпалітычная сітуацыя зноў пагоршы­лася. Дзякуючы падтрымцы Расіі і Прусіі, дысідэнты (пратэстанцкая і праваслаўная шляхта) стварылі Слуцкую і Торуньскую канфедэрацыі, якія запатрабавалі ўраўнавання сваіх правоў з католікамі. Пад націскам Расіі вальны сойм у 1768 г. прыняў рашэнне аб ураўнаванні правоў дысідэнтаў. У адказ каталіцкая шляхта стварыла Барскую канфедэра­цыю, якая пачала рокаш. Паўстанне канфедэратаў было падаўлена толькі ў 1771 г. расійскімі войскамі. У 1772 г. Расія, Прусія і Аўстрыя падпісалі дамову аб першым падзеле Рэчы Паспалітай, па якой Расіі перадаваліся ўсходняя і паўночная часткі Беларусі.

Урад С.А. Панятоўскага працягваў рэформы па паляпшэнні становішча Рэчы Паспалітай. Была створана Адукацыйная камісія. Чатырохгадовы сойм 1788 – 1791 гг. прыняў Кансты­туцыю 1791 г., першую ў Еўропе і другую ў свеце пасля ЗША. Канстытуцыя ліквідавала пад­зел Рэчы Паспалітай на ВКЛ і Каралеўства Польскае, захавала шляхецкія правы, улада ка­раля перадавалася па спадчыне. Разам з тым, палепшылася становішча мяшчан, гарады маглі мець сваё прадстаўніцтва ў сойме, адмянялася права liberum vetо, дзяржава абя­цала клапаціцца пра прыгонных сялян, магнацкія войскі ўваходзілі ў склад агульнай арміі.

Прыняцце Канстытуцыі было сустрэта ў суседніх дзяржавах з прахалодай. Расійская імператрыца Кацярына ІІ лічыла гэты акт асабліва небяспечным. Пры падтрымцы Расіі ў 1792 г. была створана Таргавіцкая канфедэрацыя, якая разам з расійскімі войскамі выступіла супраць Канстытуцыі. У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. У склад Расіі ўвайшла цэнтральная Беларусь. Канстытуцыя 1791 г. была адменена. У 1793 г. апошні сойм Рэчы Паспалітай ў Гродне прыняў новую Канстытуцыю, якая захавала федэратыўны характар дзяржавы і ўзнавіла выбарнасць караля.

24 сакавіка 1794 г. у Польшчы пачалося патрыятычнае паўстанне, якое ўзначаліў генерал Т. Касцюшка. У красавіку паўстанне перакінулася на ВКЛ. Тут яго ўзначальваў радыкальна настроены палкоўнік Якуб Ясінскі. Паўстанцы стварылі рэвалюцыйны ўрад. Прыняты імі ў маі Паланецкі універсал фактычна адмяняў прыгоннае права. Сяляне, расплаціўшыся з панамі за даўгі, станавіліся вольнымі. У ВКЛ тэрмінова былі ўведзены расійскія войскі. Спрэчкі паміж паўстанцамі і аб’ектыўная немагчымасць адначасова змагацца з Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй прывялі да паражэння паўстання. У кастрычніку 1795 г. адбыўся апошні, трэці падзел Рэчы Паспалітай – яна канчаткова была падзелена паміж суседнімі дзяржавамі. У склад Расіі перайшла заходняя частка Беларусі, акрамя Беластоцкага рэгіёна, які ўвайшоў у склад Прусіі і ў 1807 г. быў перададзены Расіі Напалеонам Банапар­там.

 Такім чынам, сацыяльна-эканамічная палітыка ўрада Расіі ў Беларусі ў  першай палове XIX ст. была накіравана на паступовую інтэграцыю Беларусі ў склад Расіі. Метады гэтай палітыкі былі рознымі. Мясцовая адміністрацыя ўстанаўлівалася па расійскаму ўзору і была строга падсправаздачна цэнтральнай уладзе.

Як бачым, у першы час пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ўрад імкнуўся не выкарыстоўваць жорсткія меры ў адносінах да мясцовага насельніцтва, спрабуючы тым самым прыглушыць апазіцыйныя настроі.

Аднак, нягледзячы на памяркоўнасць палітыкі расійскага ўрада, значная частка апалячанай шляхты і каталіцкага духавенства, якая страціла сваё прывілеяванае становішча, засталася незадаволенай. Гэта прымусіла ўрад неўзабаве стаць на шлях узмацнення сваіх пазіцый у беларускіх землях.


Літаратура

 

1.           Гісторыя Беларусі. Ч. 1. Пад рэд. Я. К. Новіка Г. С. Марцуля. Мн., 2003.

2.           Бардах Ю., Леснодарский Б., Пистрчык М. История государства и права Польши. М., 1980.

3.           История Польши. Т. 1. М., 1956.

4.           Нарысы па гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994

5.           Філатава А. Першы падзел Рэчы Паспалітай // Энцыклапедыя «Гісторыя Беларусі». Т. 5. Мн., 1999.

6.           Філатава А. Тры падзелы Рэчы Паспалітай // Крыжовы шлях. Мн., 1993.

7.           Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994.

8.           Гісторыя Беларусі ч.1 Коукель І.І., Крэнь І.П. Гродна 1994

9.           Вішнеўскі А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2003.

10.         Вішнеўскі А. Ф., Саракавік І. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1997.

11.         История Беларуси в документах и материалах. Мн., 2000.

12.         Філатава А. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай // Матэрыялы па гісторыі Беларусі. Мн., 1998.

13.         Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Ч. 1. Мн., 2000.



[1] Гісторыя Беларусі. Ч. 1. Пад рэд. Я. К. Новіка Г. С. Марцуля. Мн., 2003. С., 224.

[2] Бардах Ю., Леснодарский Б., Пистрчык М. История государства и права. М., 1980. С., 235.

[3] История Польши. Т. 1. М., 1956. С., 336.

[4] Нарысы па гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994. С., 234.

[5] Філатава А. Першы падзел Рэчы Паспалітай // Энцыклапедыя «Гісторыя Беларусі». Т. 5. Мн., 1999. С., 483.

[6] Філатава А. Тры падзелы Рэчы Паспалітай // Крыжовы шлях. Мн., 1993. С., 104.

[7] Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994. С., 245.


Еще из раздела История:


 Это интересно
 Реклама
 Поиск рефератов
 
 Афоризм
Не стоит бегать от снайпера - умрешь уставшим...
 Гороскоп
Гороскопы
 Счётчики
bigmir)net TOP 100