Зарубежная литература: Літаратура ваеннага i пасляваеннага перыяду, Курсовая работа

Літаратура ваеннага i пасляваеннага перыяду


Содержание

1. Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны

2. Паэзія першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (1945-1955)

3. Проза першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (1945-1955)

4. Драматургія першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (1945-1955)

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны

Нягледзячы на вельмі неспрыяльныя абставіны, беларуская літаратура ў часы Вялікай Айчыннай вайны ўсё-такі развівалася. У тыл ворага дастаўляліся беларускія газеты і часопісы: "Савецкая Беларусь", "За Савецкую Беларусь", "За свабодную Беларусь", "Звязда", "Раздавім фашысцкую гадзіну", "Партызанская дубінка", а з 1943 г. — часопіс "Беларусь". Актыўны ўдзел у гэтых выданнях прымалі К. Крапіва, М. Лынькоў, А. Куляшоў, П. Броўка, П. Глебка, М. Танк, П. Панчанка, М. Лужанін, В. Вітка, А. Астрэйка, А. Бялевіч, К. Кірэенка, А. Вялюгін, М. Аўрамчык. Вершы беларускіх паэтаў перакладаліся на рускую мову. Акрамя публікацый у перыёдыцы былі выдадзены асобныя кнігі перакладаў: "Беларусь в огне" (1943), "Стихи о Родине" (1941) Я. Купалы, "Голос земли" (1942) Я. Коласа, "Тебе, Беларусь" (1942) П. Панчанкі.

На мемарыяльнай дошцы ў Доме літаратара ўвекавечаны імёны 26 пісьменнікаў, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў: З. Астапенка, Я. Бобрык, Л. Гаўрылаў, А. Гейне, А. Дубровіч, Р. Жалязняк, А. Жаўрук, Э. Каган, А. Коршак, С. Крывец, П. Левановіч, Р. Лынькоў, С. Ляльчук, А. Мілюць, Р. Мурашка, М. Нікановіч, А. Пруднікаў, У. Рагуцкі, Р. Рэйзін, М. Сурначоў, М. Сямашка, Л. Талалай, А. Ушакоў, I. Шапавалаў, Г. Шведзік, X. Шынклер.

Паэзія ў агульнай сістэме мастацкай літаратуры часоў Вялікай Айчыннай вайны заканамерна займала першае месца. За чатыры гады ваеннага ліхалецця беларускімі паэтамі было створана шмат твораў, сярод якіх ёсць і сапраўдныя шэдэўры.

Літаральна ў самым пачатку вайны, у яе першыя дні, М. Сурначовым (дарэчы, наш зямляк, з Рагачоўшчыны) быў напісаны славуты верш-балада "Ніколі не ехаць хлапцу маладому..." Сам жа аўтар, прайшоўшы амаль усю вайну, загінуў у ноч з 19 на 20 красавіка 1945 г. пад Берлінам, пакінуўшы разам з вершамі даваеннага часу нізку "акопнага спеву".

Умовам і запатрабаванням суровай пары адпавядалі вершы-заклікі, пасланні, нават заклінанні. Гэта такія творы, як "Душою і сэрцам мы з вамі, героі", "На абарону", "Народу-барацьбіту", "Байцам-камсамольцам", "Абаронцам роднай зямлі" (1941) Я. Коласа; "Пісьмо землякам", "Дрыжыце, падлюгі-фашысты!", "Помста" (1941) П. Броўкі; "Вастрыце зброю", "Падымайся, Беларусь!" (1941) М. Танка; "Мужайся", "Мы вернемся" (1941) П. Глебкі; "Змагайцеся адважна за Радзіму" (1941) П. Панчанкі). 24 чэрвеня ў "Правде" быў надрукаваны на беларускай мове верш Якуба Коласа "Шалёнага пса — на ланцуг". Хрэстаматыйнымі ў шэрагу твораў заклікальна-эмацыянальнай формы з'яўляюцца вершы Янкі Купалы "Беларускім партызанам" і "Зноў будзем шчасце мець і волю" (1942). Гэтым творам уласціва кантрастнае спалучэнне двух пачуццяў — любові і нянавісці, традыцыйныя вобразы-сімвалы, лірычна-песенная інтанацыя, а таксама прыёмы публіцыстычнага выяўлення ідэі.

У пару выпрабаванняў абвастрылася любоў да Радзімы. Мабыць, у гісторыі нашай літаратуры не было перыяду, які пакінуў бы па сабе столькі непасрэдных зваротаў да Беларусі, столькі замілаваных вобразных выказванняў пра родны край. Дастаткова згадаць назвы твораў ("Беларусі" М. Танка, П. Панчанкі, П. Глебкі; "Беларусь" П. Броўкі, М. Танка, К. Кірэенкі, А. Астрэйкі). Любоў да Радзімы выяўлялася не толькі праз заклікі да барацьбы з ворагам, адлюстраванне родных краявідаў, але і ў напамінанні, што самым каштоўным нацыянальным скарбам з'яўляецца мова. Менавіта гэта і падкрэслілі ў сваіх паэтычных шэдэўрах М. Танк ("Родная мова") і Н. Арсеннева ("Жыве Беларусь").

У беларускай ваеннай паэзіі быў надзвычай шырока распаўсюджаны жанр гераічнай балады з моцным рамантычным пачаткам. Плённа працавалі ў жанры балады А. Куляшоў ("Балада аб чатырох заложніках", 1942; "Маці", 1943; "Камсамольскі білет", 1943; "Балада аб знойдзенай падкове", 1945), М. Танк ("У завею", 1943), П. Панчанка ("Сямёра дачок", 1942; "Песня пра чатыры магілы", 1945), П. Броўка ("Смерць героя", "Кастусь Каліноўскі", "Надзя-Надзейка"), П. Глебка ("Пасланец", 1943), А. Вялюгін ("Балада аб уральскім танку", 1943).

У часы Вялікай Айчыннай вайны П. Панчанкам быў напісаны першы ў беларускай паэзіі высокамастацкі цыкл "Іранскі дзённік" (1944—1945), куды ўвайшлі такія вершы, як "Герой", "Сустрэча з бярозай", "Бутэлька Цынандалі", "Рамантыка", "Сон пра апошні залп" і інш.

Паэзія ваенных гадоў у яе патрыятычным гучанні прадстаўлена не толькі беларускімі савецкімі паэтамі. У часы вайны пісалі вершы і паэмы Н. Арсеннева ("Жыве Беларусь", "Малітва" ("Магутны Божа")), Л. Геніюш ("Як хмарны дзень", "Князь Усяслаў Чарадзей"), Р. Случчанін ("Рагнеда"), А. Салавей ("Гуманізм", "Хрыстосаў лес"), а таксама некат. інш. аўтары.

Паэтычныя творы не толькі пісаліся, але і выдаваліся на акупіраванай ворагам тэрыторыі. Так, напрыклад, У 1943 г. супрацоўнікі слуцкай падпольнай газеты "Народны мсцівец" сабралі лепшыя вершы А. Астрэйкі і выдалі асобным зборнікам пад назваю "Слуцкі пояс". Творы з гэтага зборніка карысталіся асаблівай папулярнасцю.

Нягледзячы на тое, што падзеі, пачуцці па гарачых слядах насамперш знаходзілі ўвасабленне ў кароткіх формах як найбольш аператыўных, мабільных, значнае месца ў беларускай паэзіі ваеннай пары належыць паэме ў асноўным як жанру сінтэтычнаму з арганічным спалучэннем эпасу, лірыкі і драмы ("Суд у лесе" (1942), "Адплата" (1944) Я. Коласа; "Прыгоды цымбал" (1944), "Дом № 24" (1944) А. Куляшова; "Ясны кут" (1944) П. Броўкі; "Маладосць у паходзе" (1945) П. Панчанкі; "Мой майстра" (1944) А. Бялевіча; "Поўдзень" (1944) В. Віткі).

Ля вытокаў беларускай паэмы ваенных гадоў стаяць два розныя па стылю творы гэтага жанру, а менавіта — "Сцяг брыгады" А. Куляшова і "Паэма пра Смалячкова" П. Броўкі, напісаныя ў 1942 г. Апошняя ўяўляе сабой дакументальна-рэпартажны твор, якія былі распаўсюджаны ў пачатковы перыяд вайны ("Слова пра 28 гвардзейцаў" М. Ціханава, "За намі Масква" С. Васільева, "Сябры", "Безыменная вышыня" М. Матусоўскага). Пры ўсёй значнасці аўтарскага голасу яны шырока, панарамна адлюстроўвалі сацыяльны свет, стваралі вобразы аб'ектывізаваных герояў. У сваёй паэме П. Броўка дае разгорнуты паэтычны партрэт воіна-героя, абаронцы Ленінграда. Факты біяграфіі не замінаюць аўтару ўзбуйніць вобраз і ў фінале твора паказаць Фядоса Смалячкова ў абліччы быліннага асілка, якому родная зямля дала "арліныя крыллі" і "зоркія вочы".

Паэма А. Куляшова "Сцяг брыгады" напісана ў ліра-эпічным ключы. Сцяганосец артылерыйскай брыгады Алесь Рыбка выратоўвае ваенную святыню і выносіць з поля бою цяжка параненага камісара Заруднага. Сюжэт паэмы даваў магчымасць шырока паказаць драматычныя малюнкі першага ваеннага лета. Форма паэтычнай споведзі, дзённіка садзейнічала паглыбленаму паказу псіхалогіі чалавека на вайне, дзе сярод экстрэмальных умоў абвастраліся ўсе чалавечыя якасці. А. Твардоўскі назваў "Сцяг брыгады" "голасам сэрца, поўнага болю за родную беларускую зямлю, плачам па ёй і гарачай светлай верай у яе сілы, у яе вызваленне" (Твардовский А. Статьи и заметки о литературе. М., 1963. С. 63—64.). Твор насычаны вобразамі народнай паэзіі: лірычны герой звяртаецца да ляснога ручая, крыніцы як да сваіх паплечнікаў, яго вядуць палявыя сцежкі, сляды замятаюць сваёй лістотай дубравы.

У ліра-эпічнай паэме-маналогу П. Броўкі "Беларусь" (1943), дзякуючы гісторыка-публіцыстычным рэмінісцэнцыям, шырокай хвалі гістарычных успамінаў і асацыяцый, паўстае вобраз Радзімы — прыгожай зямлі са слаўнай мінуўшчынай. Паэт згадвае Скарыну, Каліноўскага, Вашчылу, Хвяська, агульныя перамогі беларусаў, рускіх, украінцаў пад Грунвальдам, на Чудскім возеры, выгнанне Напалеона. Твор арганізаваны па прынцыпу ідэйна-мастацкага сумяшчэння розных часавых плыняў, чаму садзейнічаюць гістарычныя і этнаграфічныя паралелі, параўнанні і метафары, уласцівыя для беларускай народнай паэтыкі.

Героіка-рамантычная паэма М. Танка "Янук Сяліба" (1943) з'яўляецца адным з першых беларускіх буйнапаэтычных твораў ваеннага часу, выкананым найбольш у "класічна-строгіх формах" (М. Арочка).

Вопытнай рукою майстра напісана і паэма "Эдэм" (1944) З. Астапенкі. Гэтаму твору належыць асаблівае месца не толькі ў паэзіі ваеннай пары, але і ўвогуле ў беларускім прыгожым пісьменстве XX стагоддзя. Пастаўленымі пытаннямі і спробай адказу на іх (у творы закранаюцца складаныя рэаліі 1930-х гг.) паэма відавочна выходзіць за межы перыяду свайго напісання.

Адпаведна з эвалюцыяй іншых жанраў развівалася і сатыра ваеннага часу, найперш вершаваная. Напачатку цалкам плакатныя пародыі, фельетоны, байкі, сатырычныя вершы, частушкі, эпіграмы паступова насычаліся канкрэтнымі падрабязнасцямі, якія рабілі іх дакументальна дакладнымі. У сферы сатыры актыўна працавалі амаль усе беларускія пісьменнікі — як празаікі, так і паэты (М. Лынькоў, К. Чорны, П. Панчанка, М. Танк, П. Броўка, П. Глебка, А. Астрэйка, М. Лужанін, В. Таўлай). Аднак асаблівая роля ў развіцці сатырычных жанраў належыць К. Крапіве — рэдактару газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну" і аўтару шэрагу сатырычных вершаў і баек.

Проза ваеннай пары ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу выяўляла сябе найперш у патрыятычнай публіцыстыцы як самым аператыўным жанры. Палымяныя артыкулы друкаваліся на старонках газет, гучалі па радыё, на мітынгах. Іх аўтарамі былі Я. Купала, Я. Колас, К. Чорны, К. Крапіва, М. Танк, М. Лынькоў. Фельетоны К. Чорнага склалі зборнік "Кат у белай манішцы" (1942). У жанры празаічнага памфлета і фельетона выступалі ў ваенныя гады Я. Колас ("Гітлер і чарадзей" (1945), К. Крапіва ("Апошняя пасылка" (1942), "Елкі і палкі" (1943), "Наглядная геаграфія" (1944)). Агульны патрыятычны пафас, канкрэтныя агітацыйна-прапагандысцкія задачы не заглушалі творчай індывідуальнасці.

Напісаныя на легендарнай аснове апавяданні і навелы, што пабачылі свет у зборніках К. Чорнага "Вялікае сэрца" (1945) і М. Лынькова "Астап" (1944), дасюль захоўваюць сваю мастацкую значнасць.

Запамінальныя характары ў апавяданнях "Маленькая жанчына" (1942), "Бацька" (1942), "Аксёніны сляды" (1942), "Прасторны дом" (1944), "Вялікае сэрца" (1944), "Заўтрашні дзень" (1944) разгортвае К. Чорны. Сумленна, дзень за днём выконваў спаконныя сялянскія абавязкі, назіраючы штовечар, як сонца прысядзе на магутны, яшчэ дзедавай рукой пасаджаны дуб, сціплы, маўклівы Пархвен Катлубовіч ("Вялікае сэрца"). Жыў ён у трывалай згодзе са светам, шчаслівы той неўсведамляемай гармоніяй існавання, якая ўласцівая толькі шчырым працаўнікам, што адчуваюць сябе адзінай кропляй плыні жыцця. Калі ж стала бурыцца гэтае "важнае і патрэбнае", нібы прачнуўся ў Пархвена новы чалавек. Ляціць пад адхон нямецкі эшалон, бо Пархвен разабраў рэйкі на чыгунцы. Ён ратуе жыхароў мястэчка ад фашысцкай расправы, узяўшы на сябе віну за забойства нямецкага афіцэра Пфайфеля. Смеласць, мужнасць, самаахвярнасць — гэтыя якасці "звычайных" людзей сталі звыклаю з'яваю ў гады вайны.

Аб тым, як праз жыццёвы шлях аднаго чалавека ў лёсаносныя для краіны часы можа выявіцца сутнасць гераічнага ў нацыянальным характары, яскрава сведчыць вобраз Астапа з аднайменнага апавядання (1943) М. Лынькова. Сусанінскі сюжэт набываў скразны парадак, паўтараючыся ў сярэдзіне XX ст. З'яўляючыся лірыкам і рамантыкам у прозе, М. Лынькоў у значнай ступені захаваў рамантычную прызму бачання і ў ваенную пару, што знаходзіла выяўленне ў рэзкай кантрастнасці характараў, аднабаковасці ў абмалёўцы ворага, рамантычнай умоўнасці многіх сітуацый. Такая манера пісьма ў значнай ступені адпавядала запатрабаванням часу і ім жа дыктавалася. Парушаліся адвечныя законы жыцця — гінулі дзеці. Пра гэта можна было, анямеўшы, у жалобе маўчаць або шукаць і знаходзіць словы, якія б сведчылі, даносілі боль і адначасова не адымалі надзею ў перамогу над злом. Адно з лепшых апавяданняў М. Лынькова "Васількі" (1942) пры выключнай трагічнасці сюжэта не пакідае па сабе спапеленасці, пачуцця безвыходнасці. Гістарычны, сацыяльны, нацыянальны змест выяўляўся якраз найбольш поўна ў прозе ваеннай пары праз вобразы простых, звычайных людзей. У творах М. Лынькова гэта маладая жанчына, якая свядома гіне, падрываючы нямецкі эшалон на мосце праз раку ("Ірына" (1942)), малады хлапец Алёшка, які падрывае камендатуру ("Салют" (1942)).

Не ўсім празаікам удавалася сапраўды па мастацкі перадаць складаныя ваенныя рэаліі. Так, у апавяданнях Я. Коласа "Партызан Купрэй", "Санітарка Таня", "У разведцы", а таксама ў шэрагу твораў I. Гурскага, А. Стаховіча, А. Якімовіча, як слушна заўважае А.А. Майсейчык, паслаблена ўнутраная канфліктнасць, а сюжэтная напружанасць падмяняецца прыгодніцкай займальнасцю, што тлумачьщца недастатковым веданнем пісьменнікамі рэчаіснасці ваеннага часу.

Вядома, нават у самую суровую, неспрыяльную пару адбывалася сталенне творчых індывідуальнасцей: у 1943 г. у армейскай газеце "Часовой Севера" было змешчана апавяданне I. Шамякіна "У снежнай пустыні", напрыканцы вайны ім жа напісана аповесць "Помста".

К. Чорны як вопытны таленавіты мастак слова прыхільна адазваўся аб першым апавяданні І. Мележа "Сустрэча" (1942), напісаным ім у тбіліскім шпіталі.

Менавіта К. Чорнаму належыць першае ў беларускай літаратуры раманнае, эпічнае асэнсаванне падзей Айчыннай вайны: раманы "Вялікі дзень" (1941—1944), "Пошукі будучыні" (1943), "Млечны шлях" (1944) і аповесць "Скіп'ёўскі лес" (1941—1944). Эпічнаму голасу К. Чорнага ўласцівы свой адметны, менавіта агульначалавечы тэмбр з багаццем інтанацый, якія вылучаюць яго сярод іншых творчых індывідуальнасцей. К. Чорны стварае ў сваіх сацыяльна-філасофскіх раманах абагульнены вобраз беларускага народа, якому пагражала татальнае знішчэнне, прадугледжанае ў планах Гітлера. Сваім чуйным сэрцам пісьменнік востра адчувау небяспеку фашызму не толькі для суайчыннікаў, але і ўвогуле для чалавецтва.

У час вайны былі напісаны, але апублікаванны пазней, такія творы, як аповесць "Шумяць лясы" А. Стаховіча, аповесць "Пульс жыцця" (Запіскі тэлеграфіста)" X. Шынклера, раманы "Таварыш" і "Насуперак лёсу" Р. Мурашкі. Праблематыка іх як уласна ваенная, так выходзячая за межы ваеннага часу ("Таварыш" Р. Мурашкі).

Беларускую драматургію перыяду вайны, як слушна адзначае М.М. Барсток, належыць разглядаць у сувязі з жыццём і працай тэатраў, якія былі эвакуіраваны ў Арэхава-Зуева, Каўроў, Іванава, Томск, Уральск, дзе ставілі свае нацыянальныя п'есы: "Паўлінку" Я. Купалы, "Несцерку" В. Вольскага, а таксама — "Фронт" А. Карнейчука, "Рускія людзі" К. Сіманава, "Нашэсце" Л. Ляонава. Драматычных твораў у час вайны было напісана мала. Сярод іх асаблівае месца займае п'еса К. Крапівы "Проба агнём", змест якой вызначаюць маральна-этычныя праблемы. Асабістыя ўзаемаадносіны маёра Караневіча, яго жонкі Наталлі і лейтэнанта Перагуда драматург напоўніў вялікім грамадзянскім зместам. У драматургіі, як і ў іншых жанрах, назіраецца зварот да каштоўнасцей мінулага: опернае лібрэта "Кастусь Каліноўскі" і драматычную паэму "Адплата" стварае М. Клімковіч. Арыгінальныя лібрэта ў акупаваным Мінску для опер "Лясное возера", "Усяслаў Чарадзей" і "З выраю" піша Н. Арсеннева. Тэма партызанскай барацьбы ўперамешку з паказам антыфашысцкага падполля раскрывалася ў поўнафарматных п'есах "Палешукі" і "Таварыш Андрэй" (у цэнтры гэтага твора — вобраз К. Заслонава) Я. Рамановіча, "Заложнікі" (п'еса распрацоўвае матыў, звязаны з захопам у заложнікі сям'і вядомага партызана М. Шмырова) А. Кучара, а таксама ў малафарматных п'есах "Валодзеў гальштук" К. Крапівы, "Сігнал" У. Няфёда. Гэтыя творы, аднак, не ўяўлялі сабой прыкметнай эстэтычнай з'явы. Відавочна, што ваенная пара не садзейнічала развіццю такога складанага сінтэтычнага жанру, як драматургія.


2. Паэзія першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (1945-1955)

Цэнтральнымі тэмамі ў паэзіі першага пасляваеннага дзесяцігоддзя, як і ва ўсёй тагачаснай беларускай літаратуры, былі дзве: ваеннай і аднаўленчая.

Пасля зведанага людзьмі памежнага падзення цаны жыцця ў гады ваеннага ліхалецця вяртанне доўгачаканага міру, гэтае ваганне шаляў лёсу ад смерці ў быццё перажывалася людзьмі з дзівосным пачуццём першага дня тварэння. Невыказныя станы паяднання вялікіх людскіх мас у радасці выхаду з ваеннай навальніцы ў мірны дзень найбольш моцна і таленавіта адлюстраваліся ў вершах К. Кірэенкі ("На радзіме"), П. Панчанкі ("Першая цішыня"), М. Лужаніна ("Скончыўшы паход") і некат. інш. Разам з тым радасць сканчэння вайны азмрочвалася страшэннымі разбурэннямі на радзіме і велізарнымі чалавечымі стратамі. Гэта адбілася ў такіх вершах, як "Франтавік" П. Панчанкі, "Зварот" П. Глебкі, "...Сумна пахне палын" А. Вялюгіна і цэлым шэрагу іншых твораў.

Узорам патрыятычнай лірыкі да гэтай пары застаюцца вершы паэтаў, якіх лёс закінуў на чужыну ў пасляваенныя гады. Замежны цыкл М. Калачынскага, вайсковыя і пасляваенныя шляхі якога пралеглі праз Балканы, прыдунайскія краіны, Аўстрыю, Германію, і сёння ўспрымаецца як найбольш яркая старонка жыццёвай кнігі паэта. У патрыятычнай тэме сапраўдны росквіт перажывае талент М. Лужаніна, пачатковыя паэтычныя спробы якога адносяцца яшчэ да маладнякоўскай пары. Вершы германскага перыяду 1945—1946 гадоў ("Васілёк", "Дзве вясны", "Драч" і інш.) у праніклівых супастаўленнях свайго і чужога, бо "пяць еўрапейскіх сталіц бачыў занёманскі хлопец", у непаўторнай танальнасці часу даносяць нясцерпную настальгію спакутаванага салдацкага сэрца па айчыне.

Беларуская паэзія чуйна жыла ўзвышанымі пасляваеннымі парываннямі хлебароба, зведаўшы на нейкі час сапраўднае абнаўленне ў традыцыйна вызначальнай для яе вясковай тэме нават ва ўмовах заблытаных вытворчых адносін калектыўнага гаспадарання. Творам, які спалучаў вайну і мірны аднаўленчы будзень, крытыка справядліва называла паэму П. Броўкі "Ясны кут" (1944). Напісаны адразу пасля вызвалення Беларусі, твор у высокім эпічным гучанні ўзнаўляе вобраз краіны-паланянкі са спаленымі селішчамі і скалечанымі лёсамі людзей, ступіўшых з ваеннага ліхалецця ў найцяжэйшую пасляваенную рэальнасць. Пазней у паэме "Хлеб" (1946) П. Броўка выкажа абвостранае галоднымі ваеннымі гадамі, чатырохгадовай адарванасцю ад працы тое рэальнае абуджэнне цягі да зямлі, якое з даваеннай пары аказалася аслабленым у хлебароба, абязлічаным калектыўным землекарыстаннем. У творы, увасобіўшым лепшыя нацыянальныя традыцыі ў асваенні вясковага жыцця, паўстае бясконца дарагі свет працоўных спадзяванняў учарашняга салдата, а сёння сейбіта.

З маладых галасоў былых франтавікоў сваёй агульначалавечай танальнасцю вылучалася паэзія К. Кірэенкі. Уладар паэтавых думак — незабыўныя з маленства краявіды роднага Прысожжа. Паэзія К. Кірэенкі заварожвае танчэйшым імпрэсіянізмам патаемных змен прыродных явішчаў. Лепшыя яго прыродаапісальныя медытацыі "Асенняе рэха" (1945), "Ранак" (1947), "Раніца на Свіцязі" (1948), "Грукні ў акно, вясна" (1948), "Балада пра тэлефон" (1951), "Летняя ноч" (1953) — гэта, па сутнасці, мазаічна складзены чароўны тэатр праходжання пор года, працякання сутак, трыванне дрэў і траў, сціханне прытомленых палёў, долаў і вод на схіле дня...

Пакаленне, на якое лёг увесь цяжар утапічнага сацыяльнага эксперымента, усё ж да канца не згубіла агульначалавечых арыентацый, адчування таямніцы жыццёвых феноменаў. У паэмах П. Панчанкі "Маладосць у паходзе" (1945), А. Куляшова "Новае рэчышча" (1948) і "Толькі ўперад" (1950), М. Лужаніна "Зварот маладосці" (1944, 1957) пад бадзёрысты "Марш энтузіястаў" б'ецца гарачая споведзь пакалення, што ў несупынным ахвярным паходзе дзеля ідэалаў недасяжнай будучыні, "пад вогненным небасхілам" войнаў умела радавацца жыццю, берагчы сяброўскую вернасць і боскую таямніцу кахання, цаніць высакароднае, святое ў чалавеку.

У паэтычным працэсе пасляваеннага перыяду ўзнікаюць розныя творчыя плыні, вядзецца спрэчка мастацкіх "школ". Матэрыял вялікай вайны і суровых пасляваенных гадоў уяўляў суцэльную мастацкую цаліну. У подступах да яго паэты ў першую чаргу рабілі стаўку на фальклорна-літаратурную тыпізацыю, выпрацаваную шляхам шматступеннай аранжыроўкі вусна-паэтычнай спадчыны папярэднімі літаратурнымі пакаленнямі. Найбольш выразна гэта выявілася ў творчасці П. Броўкі і А. Куляшова. П. Броўка ўдала сумясціў лірычныя прыёмы з эпічнай абагуленасцю фальклорнага светасузірання, даўшы цікавы жанравы сімбіёз адычнага стылю. А. Куляшоў праз фальклорнае светабачанне ў паэмах "Ясны кут" і "Хлеб" дасягаў ліра-эпічнага сплаўлення жывой драмы жыцця з ідэалізаванымі памкненнямі грамадскай свядомасці сучасніка, не збіваючыся на апісальны "аповяд у вершах", што пазней, у час асаблівага запанавання тэорыі бесканфліктнасці, дасць пра сябе знаць у такіх яго буйных паэтычных творах, як "Родныя берагі" (1948), "Добры друг" (1949), "Чырвон-гарадок" (1950).

У паэтаў "ваеннай" генерацыі П. Панчанкі, К. Кірэенкі, А. Вялюгіна дамінуе выяўлена лірычнае адлюстраванне жыцця ў магістральным напрамку сусветнай і, у прыватнасці, усходнеславянскай паэзіі, з дасягнутай к гэтаму часу гранічнай вытанчанасцю паэтычнай тэхнікі, псіхалагічнай культуры пачуцця, па-сучаснаму раскаванага паэтычнага слоўніка.

Цікавы паэтычны тып уяўляла паэзія Максіма Танка. Ёю ўвабрана надзвычай многае ад народнай эстэтыкі, пра што сведчылі напісаныя ў пасляваенны час, з рэдкім пераўвасабленем у фальклорную стыхію, песенныя творы: "Няма сцежкі карацейшай" (1952), "Не сумуй жа, браце мой" (1952), "Вяселле" (1953), "Заручыны" (1953) і інш. Але для паэта вельмі важным быў "эксперыментальны" давераснёўскі перыяд, адзначаны інтэнсіўным засваеннем арсеналу еўрапейскай паэзіі, у тым ліку і ў яе мадэрных дасягненнях. Прыёмы навейшай паэзіі — парадокс, самаіронія, гіпербалічнае адушаўленне свету, фабульна разгорнуты асацыятыўны вобраз — і з'явіліся тым паэтычным трансфарматарам, што ўзбуйняў жыццёвую канкрэтыку ў расквечаны, абагулена цэласны нацыянальны космас (вершы "Вясной" (1946), "Другу" (1946), "Добра было б..." (1947), "Стары гасцінец асамотнены" (1946), "Перад зімовым сном палёў" (1948), "На родных сцежках" (1950).

У вершаванай тэхніцы ў цэлым назіраецца спрэчка дзвюх тэндэнцый. З паэтычных эксперыментаў 20-х гадоў прыходзіць перабольшанае захапленне тропікай і перайначанне кампазіцыйнай структуры твора. З класічным ладам верша, што развівае тэму ўсёй сістэмай метрычнага дзеяння паводле ўнутрыінтанацыйнага яго разгортвання, якога прытрымліваюцца яшчэ Якуб Колас ("Рыбакова хата"), Пятро Глебка, часткова Аркадзь Куляшоў і Кастусь Кірэенка, пачынае спаборнічаць "кінематаграфічная" кампазіцыя, дзе асноўны цяжар пераносіцца на аўтаномны мікравобраз, своеасаблівае "пляценне" тропаў. Побач з М. Танкам, П. Панчанкам з іх пераходнымі формамі віртуозным майстрам тропавай, мазаічнай кампазіцыі выявіў сябе А. Вялюгін — вынік колішніх заняткаў у інстытуце кінематаграфіі. З клопатаў гэтай "школы" па аднаўленню формы — тропавы імажынізм і мазаічная кампазіцыя — надоўга запануе ў паэзіі, будзе мець плеяду паслядоўнікаў у пакаленні шасцідзесятнікаў.

Пасляваенны перыяд у беларускай паэзіі не быў роўны. Суровай праўдай рэчаіснасці пазначаны лепшыя творы непасрэдна першых пасляваенных гадоў, на паэзіі ва ўсім адчуваецца яшчэ водсвет вогненнай ваеннай пары. Нават элементы жыццёвай ідэалізацыі яшчэ дараваліся паэзіі, успрымаліся як натуральнае жаданне франтавога пакалення выбавіцца з вялікага гора вайны, на ўсе грудзі ўздыхнуць, наталіцца марай доўгачаканага міру. На жаль, з прыняццем партыйных пастаноў 1946—1948 гг. "Аб часопісах "Звезда" і "Ленинград", "Аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах па яго паляпшэнні", "Аб кінафільме "Большая жизнь", "Аб оперы "Великая дружба" В. Мурадэлі" на працяглы перыяд усталёўваецца жорсткае адміністратыўнае кіраўніцтва культурай, практыка якога крытыкавалася ў пазнейшых урадавых рашэннях як "дапушчэнне яўных перабольшанняў і аднабаковасці ў ацэнцы паасобных твораў". Ва ўмовах канфармісцкай апекі паэзія перажывае глыбокі ўнутраны крызіс, збіваецца на суцэльнае ўсхваленне бясхмарных поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва, шукае канфлікты ў афіцыйнай тэме барацьбы дзвюх сацыяльных сістэм, спыняецца на творчым раздарожжы.

З больш-менш прыкметных твораў гэтага часу можна назваць паэму А. Зарыцкага "Аповесць пра залатое дно" (1953), жыццёвыя калізіі якой уступалі ў яўны канфлікт з прадпісаннямі сацыялістычнага мастацтва. Гэтак званыя маральныя "плямы" грамадства ў творы аказваюцца зусім не спадчынай "выклятага" мінулага, а спараджэннем параўнаўча новай прафесіі навукоўцаў. Раскрыццём у навуковых і асабістых узаемаадносінах дырэктара інстытута прафесара Крушыны, таленавітага вынаходніка Шацілы, што з франтавой пары выношвае мару стварэння "балотнага камбайна", і вучонага сакратара, а затым намесніка дырэктара кар'ерыста Шпунта, які сваім неўтаймоўным дзяляцтвам і махінацыямі здольны загубіць любую жывую справу, — пісьменнік засяроджваў увагу найперш на рэальных агульначалавечых страсцях, выкрываў маральныя язвы сучасніка, першапрычыну вытворчых, эканамічных і ўсіх іншых канфліктаў і перашкод грамадскаму прагрэсу.

3. Проза першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (1945-1955)

Зноў жа, як і ў паэзіі, у прозе першага пасляваеннага дзесяцігоддзя галоўнымі тэмамі былі асэнсаванне падзей толькі што адгрымеўшай вайны і працы па аднаўленню разбуранай народнай гаспадаркі, пераходу да мірнага жыцця.

У асваенні ваеннай тэматыкі заслугоўваюць увагі пачатковыя спробы былога франтавіка Івана Шамякіна, у якога выявіўся яркі эпічны талент. Напісаныя яшчэ ў вайну, паводле асабістага франтавога вопыту, аповесць "Помста" і апавяданне "У снежнай пустыні", пры ўсіх вучнёўскіх недахопах уяўлялі сабою сапраўдныя знаходкі нетрадыцыйнага для беларускай літаратуры "ваеннага" стылю, у напрамку якога будзе развівацца сталая рэалістычная проза аб вайне, пазначаная асаблівымі патрабаваннямі дакументальнай дакладнасці і асабістай перажытасці мастацкага матэрыялу. Драматычная калізія аповесці — маральная перамога маёра Раманенкі, які святое пачуццё помсты за смерць маці, дачкі, замучанай жонкі пранёс да парога дома злачынцы обер-лейтэнанта Генрыха Візэнера, але ўладай найвышэйшага духоўнага імператыва не ўчыніў расправы над сям'ёй немца. Памежны па экзістэнцыяльнай вастрыні драматычны канфлікт быў яшчэ ва ўсім псіхалагічным аб'ёме не па сіле маладому празаіку і вырашаны ў палярызавана аголеных страсцях, месцамі ў меладраматычных нотах і не раскрыты ў сваёй агульначалавечай праўдзе. Хоць акцэнты, дэталі ў гэтай пагранічнай падзеевай сітуацыі, унутраныя жэсты героя накрэслены, можна сказаць, з чуйным мастацкім тактам. Можа, яшчэ больш характэрны для пачатковых пошукаў празаіка твор "У снежнай пустыні". У вострасюжэтнай аўтарскай манеры, у адлюстраванні экстрэмальных эпізодаў вайны ў Запаляр'і, дзе атрымаў сваё баявое хрышчэнне будучы пісьменнік, адчуваецца бясспрэчная вывучка ў Джэка Лондана. Але ва ўсіх, нярэдка авантурных мастацкіх хадах твора, у паказе лётчыкаў, збітых на варожай тэрыторыі, і кіламетр за кіламетрам, на зыходзе сіл адольваючых шлях да сваіх, — столькі дакладнага адчування вайсковых абставін і ў цэлым псіхалагічна пераканаўчай матываванасці паводзін герояў, што твор выглядаў сапраўдным подступам пасляваеннай прозы да рэалістычнага паказу вайны.

Па свежых слядах ваенных падзей I. Шамякін на сумежным вайсковым вопыце зрабіў спробу асвоіць матэрыял партызанскага руху на Беларусі. Вынікам стала аповесць "Глыбокая плынь" (1949). Як першы, хай сабе белетрыстычны подступ да партызанскай тэмы, пабудаваны на тыпажах роднай Гомельшчыны, з цэнтральнай ідэяй партызанскага руху як глыбокай, усенароднай плыні супраціўлення ворагу, раман I. Шамякіна задавальняў першы попыт пасляваеннага чытача на кнігі пра толькі што адгрымеўшую ваенную навальніцу і ў ліку лепшых твораў саюзнай літаратуры быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй. Наколькі гэта быў толькі папярэдні, рамантызаваны ў духу часу вобраз партызанскай вайны, пакажуць наступныя, у тым ліку і дакументальныя творы непасрэдных удзельнікаў "вайны пад стрэхамі".

Зрэшты, і твор з асабіста перажытага вопыту, крыху пазнейшы раман "Згуртаванасць" (1951) Міколы Ткачова, былога франтавіка і партызана, вырашаны таксама цалкам у рамантызаваным плане, настолькі складаным, ды і недазволеным па тым часе для поўнага рэалістычнага выяўлення, заставаўся пласт вайны ў тыле ворага. Пры ўсёй нагрувашчанасці падзеевай героікі, слабай псіхалагічнай праяўленасці характараў і проста схематызме вобразаў кіраўнікоў партызанскага атрада Камлюка і Новікава ў "Згуртаванасці" М. Ткачова як вынік асабіста перажытага данесены рэальны каларыт часу, жывыя прыкметы жыцця роднай Краснапольшчыны пад акупацыяй, жудасныя явы фашысцкага "новага парадку", расслаенне насельніцтва ва ўмовах трагічнага ваеннага выбару.

З асабістага партызанскага вопыту выраслі таксама аповесці "Без нейтральнай паласы" (1950) У. Карпава, "Насустрач" (1951) У. Шахаўца, "Дняпроўскія хвалі" (1946) Р. Няхая, якія, аднак, у мастацкіх адносінах не ўзняліся з нарысавага фактаграфічнага стану ў асваенні жыццёвага матэрыялу.

Паказальна, што і Янка Брыль, якога вылучалі больш прадуманая канцэпцыя рэчаіснасці і сталая творчая культура, асваенне партызанскай жыццёвай паласы, з якою ён уласна і ўваходзіў у літаратуру, пачынаў таксама з нарысаў аб дзейнасці налібоцкіх атрадаў ("Нёманскія казакі", 1946). Неўзабаве малады празаік створыць глыбока псіхалагічную навелу "Адзін дзень" (1946—1952), завастраючы ўвагу на мабілізуючых маральных праблемах у вайне без лініі фронту, на даследаванне якіх не вельмі адважвалася і проза буйных жанраў. У творы з сапраўдным даследчым пранікненнем пісьменнікам раскрываецца вельмі важная ўнутраная сфера псіхічных паводзін чалавека ў пагранічных абставінах варожай акупацыі. "Партызанка" для Янкі Брыля сталася заключнай часткай яго пакутлівай адысеі на дарогах Другой сусветнай вайны. Ён сустрэў яе салдатам марской пяхоты на польска-германскім фронце, у сапраўдным пекле пад Гдыняй, зведаў жахі нямецкага палону, гібенне і здзекі ў арбайткамандах, нарэшце, пасля другога ўдалага ўцёку з палону знаходзіць сваё месца ў радах лясных салдат. Тады ў беларускім лесе па праву ўдзельніка і сведкі аўтар спрабуе ўзнавіць перажытае ў аповесцях "Сонца праз хмары" і "Жывое і гніль". Як вядома, матэрыял сваіх глыбока рэалістычных, па свежых слядах падзей, мастацкіх распрацовак пісьменнік змог рэалізаваць толькі ў 60-я гады ў вялікім эпічным палатне "Птушкі і гнёзды" (1962—1964). Але ўжо той фрагмент са свайго доўжанага ў часе асэнсавання перажытага — аўтабіяграфічная споведзь "Ты мой найлепшы друг" (1951), якую пісьменнік адважыўся апублікаваць, сваёй псіхалагічнай праўдай, культурай творчасці выйгрышна вылучалася сярод тагачасных твораў аб вайне.

З маладых празаікаў на буйнамаштабнае адлюстраванне вайны тады, яшчэ па памятных слядах падзей, наважваецца і Іван Мележ, які сустрэў яе на граніцы ў Карпатах салдатам артылерыйскага палка. Першымі прыступкамі ў асэнсаванні складаных перыпетый ваеннага ліхалецця стаў разгорнуты нарыс "Дарогі на ўсход і на захад" пра легендарнага камандзіра танкавай брыгады, двойчы Героя Савецкага Саюза Сцяпана Фёдаравіча Шутава. Знаёмства з жыццём танкістаў, сумежным з артылерыйскім вопытам аўтара, адчуваецца, было важным подступам да задуманага ім вялікага эпічнага твора "Мінскі напрамак" (1952) аб шматпакутнай эпапеі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У надзвычай эканомна размеркаванай хранатопнай сістэме рамана, што ўбірае ў сябе насычаныя напружанымі падзеямі чатыры месяцы бітвы і фабульна канцэнтруецца вакол сімвалічнага вобраза Мінскай магістралі як кампазіцыйнага стрыжня адзінства часу і месца дзеяння, пісьменнік ставіў перад сабой смелую, яшчэ і па сёння нявырашаную творчым вопытам задачу адначасовага паказу "стратэгічнай" і "акопнай" праўды вайны. І з гэтай задачай амаль што справіўся. Аднак усё роўна гэта былі толькі першыя подступы беларускай прозы да глыбінна-аналітычнага спасціжэння ваеннай тэматыкі. Пра гэта пасведчыць пазнейшая літаратура.

З перспектывы пазнейшага мастацкага працэсу бачацца і недахопы рамана М. Лынькова "Векапомныя дні", першая частка якога ўбачыла свет у 1951 г. Завершаны ж твор быў у 1958 г. Усе наступныя гады пісьменнік імкнуўся палепшыць свой эпічны гмах, на якім адбіліся зменлівыя ваенныя, пасляваенныя і пазнейшыя пераходныя ідэйна-эстэтычныя ўстаноўкі. I як толькі ў перыяд грамадскага пацяплення ўзнялася рэалістычная хваля ваеннай прозы, эпапеі "Векапомныя дні" суджана было выпасці ў мастацкі пасіў, падзяліць лёс маладнякоўскай прыгодніцкай літаратуры аб грамадзянскай вайне і інтэрвенцыі на Беларусі.

У пераходны ўжо час былы франтавік Аляксей Кулакоўскі, які меў немалы журналісцкі вопыт у даваенныя гады, выступіў з буйным эпічным творам "Расстаемся ненадоўга" (1952-1954) — першай часткай сваёй ваеннай дылогіі. Уласным вайсковым матэрыялам малады пісьменнік распарадзіўся даволі абачліва. Адхіліўшыся ад сацыялагічных канонаў, ён засяродзіў сваю ўвагу на паказе ўсёй драмы вайны праз сярэдняга чалавека ў побытавым разрэзе жыцця, праз яго псіхалагічны выбар у найсуровейшых выпрабаваннях сярэдзіны XX стагоддзя. "Расстаемся ненадоўга" па задуме сваёй — сацыяльна-псіхалагічны раман. Псіхалагічным эксперыментаваннем і абумоўлена абцяжаранасць сюжэта неабавязковымі, хоць і каларытнымі эпізодамі і падрабязнасцямі.

Драматызм пасляваеннага літаратурнага працэсу цяжка разгадваемы ў сваім ушчыльнёным наслаенні ваеннага і мірнага часоў. Канфлікты неймаверна напружанага пасляваеннага жыцця, усе бядоты, нястачы, людское гора спісваліся за кошт ваеннага ліхалецця. На самы цяжар пасляваеннага аднаўлення прыпадаў пік сацыялістычнага эксперымента XX стагоддзя, нізведзеную вайною на нулявы цыкл эканоміку, адкінуты за рысу элементарнага існавання дабрабыт прымусілі суіснаваць з ілюзіямі найшчаслівага камуністычнага заўтра. Заняволеная сацыяльным заказам літаратура спрабуе пратрымацца на ідылічным пафасе казачнага залечвання ран вайны і ператварэння папялішчаў у сады камунізму. Памяткаю антыэстэтыкі бесканфліктнасці застануцца ў беларускай літаратуры некалі расхваленыя аповесці А. Стаховіча "Пад мірным небам" (1948), У. Краўчанкі "Станаўленне" (1947), М. Паслядовіча "Цёплае дыханне" (1948), Т. Хадкевіча "Вяснянка" (1949), якія з-за неглыбокага ведання жыцця, лакіроўкі пасляваенных цяжкасцей застануцца ў разрадзе белетрыстыкі ці, ва ўсякім выпадку, толькі нарысавага разведвання жыццёвых праблем. Нават празаікі з больш-менш рэалістычнай канцэпцыяй рэчаіснасці ў разгар тэорыі бесканфліктнасці збіваюцца на ілюстрацыйную паэтызацыю калгаснага "раю". Так, Янка Брыль, калі яшчэ для аповесці "У Забалоцці днее" (Дзяржаўная прэмія СССР за 1952 г.) і знаходзіў канфлікт у драматызме калектывізацыі заходнебеларускай вёскі, дык у цыкле нарысавых эцюдаў "Дзеля сапраўднай радасці" (1952) абмяжоўваецца ўслаўленнем калгасных будняў, не адважваючыся на колькі-небудзь сур'ёзны аналіз жыццёвых працэсаў.

У магістральнай для беларускай літаратуры вясковай тэме, дзе традыцыйна яна мела нямала творчых адкрыццяў, праблематыка аказалася дашчэнту спустошанай, рэальнае жыццё проста абыходзілася. Выключэнне духоўнага фактару, забарона на агульначалавечы канфлікт дорага абышліся пасляваеннай літаратуры. Падзвіжніцкая, з поўным прыдушэннем жаноцкай годнасці, пераважна ўдовіная праца ад цямна да цямна, бо мужчынам даставаліся кіруючыя пасады, ранняе ўваходжанне ў жыццё абпаленага вайной маладога пакалення, што разам з мацяркамі вынеслі невыносны цяжар пасляваенных гадоў, неаплачаны працадзень і змарнаванне спаконнага тытанічнага працалюбства селяніна безаблічным калектыўным гаспадараннем, — нічога з тых рэальных праблем вёскі не сустракаецца ў пасляваеннай прозе. Выключэннем можна лічыць творы "Сад" (1945), "Не выбралі" (1948) і "Дабрасельцы" (1958) А. Кулакоўскага, дзе пасляваенная вёска паказана досыць рэалістычна (за гэта, дарэчы, сам пісьменнік паплаціўся, будучы амаль што адлучаным ад літаратуры).

У пасляваеннай прозе, хай сабе сціпла, былі прадстаўлены ўсе вымярэнні нацыянальнай рэчаіснасці: за творамі аб нядаўняй вайне і бягучым пасляваенным дні паўставала як бы падводным ярусам айсберга літаратура аб адметных старонках мінулага. Якуб Колас, дапісваючы заключную частку трылогіі "На ростанях" (1954), з вышыні сталага вопыту нязменна, праз пачасавую прызму сваёй маладосці, працягваў асэнсоўваць падзеі пачатку стагоддзя, прадвызначыўшыя драматычныя зрухі і крызісны характар яго падзей.

У блізкай да позняга Я. Коласа манеры, аднак з несумненнай індывідуальнай пячаткай напісаны Я. Брылём яго самыя раннія творы "Сірочы хлеб" (1942-1956), "У сям'і" (1943-1955), "Граніца" (1948). Пад пяром маладога празаіка, у спектры яго светабачання вобразы хлопчыка Даніка, гаротніцы маці, настаўніцы панны Марыі ў "Сірочым хлебе" праменяцца якойсьці дадатковай таямніцай жыцця, бо вельмі ўжо многа ў іх аўтарскага, менавіта аўтабіяфафічнага разгадвання, самапазнання свету.

Лёс Заходняй Беларусі ў прамежжы дзвюх сусветных войнаў — адметная старонка нацыянальнай гісторыі і культуры. Багатая палымянымі падзеямі гістарычная паласа, калі даведзены да адчаю народ у значнай сваёй масе ішоў у падполле, расстаноўка класавых сіл, агульнанароднае, з-пад сялянскіх стрэх абуджэнне нацыянальнай свядомасці, што вылілася ў арганізацыйных формах сялянска-работніцкай Грамады і КПЗБ, знайшлі сваё яскравае адлюстраванне ў заходнебеларускай эпапеі "Сустрэнемся на барыкадах" (1952) Піліпа Пестрака — пісьменніка-рэвалюцыянера, непасрэднага ўдзельніка апісаных падзей. Самы моцны бок рамана зноў жа ў яго дакументальнай падаснове. Не выпадкова А. Фадзееў, які праяўляў жывую цікавасць да дасягненняў беларускай пасляваеннай прозы, называў яго "раманам-хронікай", "раманам-біяграфіяй". Твор да гэтай пары прываблівае асабістай перажытасцю падзей, усё гэта жывая быль, праўдзівая эпоха народнага змагання. Пры ўсіх недахопах псіхалагічнай характарыстыкі і менавіта раманнага разгортвання глыбіннага свету чалавека жыццёва запамінальнымі вобразамі ў творы паўстаюць галоўны герой Андрэй Касцевіч і яго таварыш па барацьбе рамантызаваная Вольга-Надзея (угадваецца прататып Веры Харужай), галерэя змагароў з сялянскага асяроддзя (Дзям'ян Гарагляд, Сцяпан Касцевіч, Міхал Кушалевіч). Традыцыйная цяжкасць выпісвання "новых" тыпаў часткова кампенсуецца каларытнасцю малюнкаў народнага жыцця.

4. Драматургія першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (1945-1955)

паэзія вайна сатырычны камедыя

У спецыфічных умовах развівалася і адлюстроўвала свет, паводле свайго родавага прызначэння, беларуская драматургія пасляваеннага перыяду.

Драматургія пасляваеннага перыяду сцвярджала сябе пераважна ў жанры гераічнай драмы, засяродзіўшы асноўную ўвагу на мастацкім асэнсаванні героіка-трагедыйнага матэрыялу Вялікай Айчыннай вайны. Перад пісьменнікамі быў наколькі удзячны, настолькі цяжкі для ўвасаблення гераічны матэрыял аб Аршанскім падполлі на чале з легендарным Заслонавым, абаронцах Брэсцкай крэпасці, трагедыя бацькі Міная ў яго нечалавечым маральным выбары, мноства іншых эпізодаў нядаўняй ваеннай эпапеі.

Са шматлікіх спроб кампазітараў, празаікаў, драматургаў у мастацкім увасабленні вобраза Заслонава найбольшы поспех выпаў на долю Аркадзя Маўзона ў яго аднайменнай п'есе "Канстанцін Заслонаў" (1947). Былому акцёру і рэжысёру Віцебскага БДТ-ІІ у цэлым удалося пераадолець "біяграфізм" матэрыялу, знайсці сродкі драматызацыі храналагічнай жыццёвай фабулы гістарычнай асобы, своеасаблівымі сцэнічнымі прыёмамі паяднаць напружаны псіхалагізм падпольнай дзейнасці з сімволіка-легендарнымі элементамі, у выніку атрымаўся эксперымент сучаснай гераічнай драмы, якая карысталася прызнаннем, была адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР за 1948 г. Аднак да сапраўднай драмы, дзе заўсёды моцны псіхалагічны струмень, "Канстанціну Заслонаву" было ўсё-такі далекавата.

Найбольш вопытны з пасляваенных драматургаў Кандрат Крапіва на спецыфічным матэрыяле ўсё ж спрабуе падыходзіць да асваення гераічнай тэмы з боку класічнай псіхалагічнай драмы. Яго п'еса "З народам" (1948) прысвечана лёсу інтэлігенцыі ў найдраматычных умовах трохгадовай акупацыі (галоўныя персанажы гэтай п'есы — кампазітары, якія жывуць і працуюць у акупаваным фашыстамі Мінску). Гэты твор К. Крапівы спецыфічны і складаны ў ідэйна-змястоўным плане. Нават сёння яго трактаваць адназначна даволі складана. Найперш заслуга К. Крапівы ў тым, што ён прымушаў сучаснікаў задумвацца над усімі складанымі перыпетыямі ваеннай пары і адводзіў іх ад спрошчанай трактоўкі падзей (у творы ёсць "сапраўдныя" савецкія людзі-схемы, якім быццам бы ўсё зразумела і ясна; побач з імі жывуць сумленныя, але не здольныя да "адкрытай" героікі, ды і не прымаючыя яе, асобы; ёсць прамыя здраднікі, ярыя паслугачы немцаў, але ёсць і "калабаранты", якія нельга аўтаматычна залічваць у разрад прадажных людзей). Пры ўсіх станоўчых момантах твора, найперш звязаных з закрананнем спецыфічнай і напаўдазволенай уладамі праблематыкі (дакладней — яе трактоўкі), п'еса не стала творчай удачай К. Крапівы.

Незадаволены раскрыццём тэмы — кроватачывай драмы Мінскага падполля — пісьменнік паспрабуе вырашаць яе пазней у п'есе "Людзі і д'яблы" (1958), калі адкрыецца ўся праўда аб першапачатковых яго правалах і непадуладных ужо чалавечым вымярэнням паводзінах кіраўнікоў пад сатанінскімі катаваннямі фашыстаў.

Даволі доўга шукаў падыходы да больш-менш праўдзівага адлюстравання складаных падзей Вялікай Айчыннай вайны К. Губарэвіч, пішучы аб абаронцах славутай Брэсцкай крэпасці. Яго п'еса "Брэсцкая крэпасць" (сяр. 1950-х гг.) мае аж тры рэдакцыі, прычым з неаднолькавай жанрава-стылістычнай афарбоўкай: першая пад назвай "Цытадэль славы" і блізкая па сваёй танальнасці да гераічнай драмы была створана ў 1952 г.; затым ішоў упамянуты намі трагедыйны варыянт пад назвай "Брэсцкая крэпасць"; у 1970 г. п'еса пасля перапрацоўкі была названа "Людзі і каменне" і зноў як бы вярнулася ва ўлонне ўласна драмы.

"Брэсцкай крэпасці" папярэднічаў вопыт увасаблення К. Губарэвічам (у сааўтарстве з I. Дорскім) вобраза Заслонава ў п'есе "Цэнтральны ход" (1948), якая прыкметна саступала твору А. Маўзона. Пасля была спроба (таксама сумесна з I. Дорскім) лірычнай камедыі "Алазанская даліна" (1947), якая надуманасцю сюжэта, адсутнасцю колькі-небудзь жыццёва значнай канфліктнай калізіі паказвала на неасвоеннасць аўтарамі выбранай тэматыкі.

Звядзеннем канфлікту (а гэта, як мы знаем, гаворачы словамі К. Крапівы, аснова п'есы) толькі да яго вонкавых праяў, ігнараваннем мастацкай спецыфікі выяўлення гераічнага, менавіта белетрызаваным "катурнавым" яго паказам тлумачацца няўдачы п'ес Ю. Рудзько "Слава дружбе" (пастаўлена ў 1949) і А. Кучара "Гэта было ў Мінску" (1950), якія не змаглі заваяваць увагі нават пры вострым попыце на гераічную тэму.

Сухавей эстэтыкі бесканфліктнасці, штучнай ідэалізацыі жыцця меў асабліва згубны ўплыў на драматургію таго часу, прысвечаную перажытым гэтым пакаленнем векапомным, не менш як у вайну, цяжкасцям аднаўленчага перыяду. Нельга забываць, што ў пасляваенным літаратурным працэсе асноўную службу сучаснасці несла маладая генерацыя драматургаў, якія нярэдка прыходзілі з сумежных родаў літаратуры і толькі яшчэ асвойвалі азы цяжкога сцэнічнага мастацтва. Вядомыя тагачасныя п'есы Ю. Рудзько "Дарагі госць" (1947), В. Віткі "Прамень будучыні" (1948), М. Горцава і М. Паслядовіча "Кветкі Цянь-Шаня" (1949), I. Гурскага "Хлеб" (1949), напісаныя не без ведання матэрыялу, усе без выключэння нясуць на сабе прыкметы ілюстрацыйнай зададзенасці і ўтойвання суровых пасляваенных цяжкасцей, не ўзнімаючыся ў вырашэнні канфліктаў вышэй пераадолення добрага яшчэ лепшым (а гэта, як мы знаем, асноўная пасылка тэарэтыкаў мастацтва, спарадзіўшых тэорыю бесканфліктнасці).

В. Палескі ў п'есе "Калі зацвітаюць сады" (1950) яшчэ змог знайсці рэальны канфлікт і вострасюжэтнае мастацкае дзеянне ў драматызме калектывізацыі заходнебеларускай вёскі. Не аднаму яму ў час апафеозу калгаснага будаўніцтва даводзілася закрываць вочы на неадпаведнасць прадукцыйных сіл вытворчым адносінам у калектыўным землекарыстанні і таму пазбягаць глыбока рэалістычнага паказу чалавека, драматычна-тоеснага ўзнаўлення падзей у пару найвялікшай сацыяльнай ломкі на сяле.

Ненадоўга змаглі заваяваць сімпатыі пасляваеннай аўдыторыі напісаныя ў жанры лірычнай камедыі творы К. Губарэвіча "Алазанская даліна" (у сааўтарстве з І. Дорскім) (1947) і "Простая дзяўчына" (1953), В. Палескага "Песня нашых сэрцаў" (1949). Хоць камедыйная жанравая форма дазваляла пераносіць дзеянне ў ідэалізавана-лірычную сферу чалавека, аднак з-за канфліктнай бясхмарнасці, адсутнасці псіхалагічна індывідуалізаваных характараў п'есы былі далёкія ад раскрыцця ўзвышанага свету жыццёвай рамантыкі, сапраўднай героікі пасляваенных працоўных будняў.

Сваімі мастацкімі вартасцямі вылучалася з іх лірычная камедыя К. Крапівы "Пяюць жаваранкі" (1950). У п'есе з калгаснага жыцця цяжкай пасляваеннай пары драматург таксама не пазбег вандроўнага сюжэта і зададзенасці ў канфлікце, які ўжо ставілі А. Карняйчук у сваіх п'есах "У стэпах Украіны" (1940) і "Калінавы гай" (1950), пазней — М. Дзяканаў у "Вяселлі з пасагам" (1950). Усведамляючы ўсю складанасць калгаснай праблематыкі, масціты драматург імкнуўся хоць неяк публічна апраўдаць лакальны характар канфлікту свайго твора: "У адной п'есе цяжка адлюстраваць усю шырыню і разнастайнасць калгаснага жыцця, таму ў п'есе "Пяюць жаваранкі" мною ўзята адно пытанне — узаемаадносіны асабістага і грамадскага ў свядомасці людзей" (Советская Белоруссия. 1950. 29 нояб.). Прадчуванне пісьменнікам, выхадцам з вёскі, жыццёвай непраяснёнасці гэтага вызначальнага пытання калектыўнага гаспадарання, парушэнне прапорцый у якім пагражае поўнай стратай зацікаўленасці да працы на зямлі, змусіла аўтара да напісання твора ў стылі народнай камедыі з выкарыстаннем традыцый абрадавага сюжэта вяселля. Камедыёграф меў прад сабой багатыя ўзоры аранжыроўкі вуснай творчасці ў "Пінскай шляхце" В. Дуніна-Марцінкевіча, "Паўлінцы" Я. Купалы і іншых творах нацыянальнай драматургіі.

Ва ўмовах антыэстэтыкі бесканфліктнасці асабліва драматычна складваўся лёс сатырычнага жанру драматургіі. Напачатку, яшчэ на пераходзе ад суровай ваеннай рэчаіснасці, Кандратам Крапівой быў напісаны унікальны ў пасляваеннай савецкай літаратуры выкрывальны твор "Мілы чалавек" (1945). Па агульначалавечай значнасці сацыяльнай ідэі і арыгінальнасці яе сцэнічнага вырашэння сатырычная камедыя драматурга ўвайшла ў класічны фонд беларускай літаратуры яе арганічным наватарскім звяном. Ухіленне ад вайсковага абавязку, фактычнае дэзерцірства ва ўмовах ваеннага часу прайдзісвета Жлукты трансфармуецца па ходу п'есы ў новую ступень злачынства, у сістэму прыстасавальнага блатмайстарства, гэтага існага ракавага метастазу грамадскіх адносін. Няўдзячны матэрыял нізкага, агіднага ў жыцці, калі твор узнікае з самога жыццёвага каламуту, з побытава-мяшчанскага раскрою рэчаіснасці, а са свайго боку, дыктат тэорыі бесканфліктнасці, што накладвала вета на саму спробу сатырычнага выкрыцця зла, вымусілі камедыёграфа ўжыць вельмі высокую ступень умоўнасці, стварыць, па вызначэнню крытыкі, "камедыю ў камедыі" (у п'есе паралельна з асноўным сатырычным дзеяннем-выкрыццём у вясёла-жартаўлівым знешне, але пры гэтым сур'ёзным паводле праблемнага напаўнення ключы ідзе дыялог-спрэчка двух драматургаў — Язвы-камедыёграфа і Праменнага-паэта). Па сутнасці, мадэрнісцкі наватарскі прыём дазволіў драматургу дасягнуць поўнай улады над сатырычным матэрыялам, праз ступень падвойнай умоўнасці перавесці яго ў эстэтычную рэальнасць высокамастацкага твора. П'еса "Мілы чалавек" па зразумелых прычынах была прызнана ідэйна заганнай і з першай пастаноўкі знята з рэпертуару. Сатырычны жанр быў асуджаны на поўны застой. Толькі ўжо на пачатку 50-х гадоў адчулася нясмелае прызнанне згубных вынікаў дробязнага ідэалагічнага рэгламентавання мастацкага працэсу. У перадавым артыкуле газеты "Правда" "Пераадолець адставанне драматургіі" адзначалася: "Нам не трэба баяцца паказваць недахопы і цяжкасці. Лячыць трэба недахопы. Нам патрэбны Гогалі і Шчадрыны. Недахопаў няма там, дзе няма руху, няма развіцця" (Правда. 1952. 7 апр.).

Прэцэдэнт выкрывальнай сатыры ў "Мілым чалавеку" і тэарэтычныя выступленні ў абарону жанру камедыі неўзабаве вылучаць беларускіх драматургаў ва ўсесаюзны авангард напярэдадні "адлігі" 60-х гадоў. Раней, чым у якой іншай з саюзных літаратур, у беларускай драматургіі сатырычным вестуном пасля застойнай пары з'явілася камедыя А. Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!" (1953), у якой крытыкаваўся бюракратызм савецкіх чыноўнікаў сярэдняга звяна (галоўным героем твора і асноўным аб'ектам сатырычнага высмейвання ў камедыі выступае старшыня райвыканкама Калібераў). Адзначым, што гэта была не першая п'еса нашага земляка А. Макаёнка (ён родам з Рагачоўшчыны). Мастацкай дасканаласці твора папярэднічала паласа працяглай творчай вучобы: маладым драматургам напісана каля дзесятка п'ес, пераважна малафарматных, якія не аднойчы былі адзначаны на конкурсах ("Добра, калі добра канчаецца", 1946; "Перад сустрэчай", 1950; "Жыццё патрабуе", 1950; і інш.).


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Яскевіч А.С. Драматургія / Літаратура першага пасляваеннага дзесяцігоддзя 1945—1955 // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 3. Мн., 2001. С. 81-94

2. Гісторыя беларускай савецкай літаратуры 1941-1980. С. 23.)

3. Тварановіч Г.П. Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 3. Мн., 2001. С. 8-40.

4. Гніламёдаў У.В. Ад даўніны да сучаснасці: Нарыс пра беларускую паэзію. Мн., 2001.

5. Анталогія беларускай паэзіі: У 3 т. Мн., 1993. Т. 2.

6. История белорусской советской литературы - Мн., 1977. С. 146.


Еще из раздела Зарубежная литература:


 Это интересно
 Реклама
 Поиск рефератов
 
 Афоризм
Если вы спокойны, а вокруг вас в панике с криками бегают люди - возможно, вы ни "уя не поняли...
 Гороскоп
Гороскопы
 Счётчики
bigmir)net TOP 100